З гонарам за сваю ўстанову

Главное

IMG_7781 (Medium)Браслаўская гімназія 12 мая азначае свой 20-гадовы юбілей. Пра дасягненні ўстановы, педагагічны і вучнёўскі калектывы карэспандэнт газеты Алена Пятушка пагутарыла з яе дырэктарам Людмілай Каптур.
— Людміла Іванаўна, з якім настроем набліжаецеся да юбілейнай даты?
Хоць у клопатах, але з добрым. Вось робім касметычны рамонт цэнтральнага ўвахода і да ўрачыстага мерапрыемства павінны закончыць. А што датычыцца вучэбна-выхаваўчага працэсу, то на сёння ў гімназіі ёсць усё неабходнае для яго арганізацыі на высокім узроўні. У аснову дзейнасці нашай установы пакладзена сістэма паважлівых адносін да дзяцей, стварэнне для іх добрых умоў, арыентацыя на асобу, яе самаразвіццё.
За час свайго існавання наша ўстанова накапіла станоўчы вопыт не толькі ў развіцці навучання і выхавання вучняў, у нас паспяхова рэалізуецца шэраг міжнародных праектаў і інавацый у галіне турызму, зберажэння культуры паазер’я, энергаэфектыўнасці. У першую чаргу яны садзейнічаюць развіццю стабільнасці і ўстойлівасці нашага рэгіёну.
Вялікая колькасць праектаў ужо рэалізавана, аднак мы ўвесь час знаходзімся ў пошуку новых ідэй і інавацый. Так, з мінулага года дзейнічае інавацыйны праект «Укараненне мадэлі “Прадпрымальная школа” ў практыку работы агульнаадукацыйных устаноў». Гімназія атрымала сертыфікат ШПВРЭ-школы (школьны праект выкарыстання рэсурсаў і энергіі), а таксама актыўна ўкараняе праект “Сістэма экалагічнага менеджменту ва ўстановах адукацыі”, падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Цэнтрам экалагічных рашэнняў у галіне адукацыі па рэсурса- і энергазберажэнні. У рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон — 2013” мы атрымалі сертыфікат на суму 50 млн. рублёў для рэалізацыі энергазберагальных мерапрыемстваў.
Шырока развівае гімназія і міжнароднае супрацоўніцтва, якое дапамагае нашым дзецям «прасоўваць» маладзёжныя ініцыятывы, а педагогам удасканальваць камунікатыўныя кампетэнцыі.  Толькі за апошні год падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з установамі адукацыі Латвіі, Літвы, Швецыі, Расіі, Эстоніі. Ужо на працягу 4-х гадоў нашы навучэнцы выйграюць адукацыйныя гранты на паездку у ЗША. І ў гімназіі ўжо 3 гады праводзяцца семінары для вучняў і педагогаў пры ўдзеле выкладчыкаў з Амерыкі.
Штогод абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база: кабінеты ўкамплектаваны сучаснай аргтэхнікай, набываецца новая мэбля.
Людміла Іванаўна, маштабы накірункаў дзейнасці гімназіі дазваляюць меркаваць, што працаваць у вас проста добрым настаўнікам — гэта вельмі мала.
Безумоўна. У нас вучацца здольныя, адораныя дзеці, і, каб задаволіць іх амбіцыйныя адукацыйныя запыты, педагогі гімназіі заўсёды знаходзяцца ў руху, у пошуку новых, найбольш дзейсных тэхналогій навучання гімназістаў, пастаянна працуюць над павышэннем сваёй самаадукацыі. З 46 настаўнікаў
80 % маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыі. Выкладчык матэматыкі Дзмітрый Мацкевіч мае званне “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Настаўнік англійскай мовы Майя Дароніна з’яўляецца выпускніцай 10-тыднёвых ан-лайн курсаў, арганізаваных універсітэтам Арыгона. Таму магу з упэўненасцю сказаць, што ў гімназіі працуе прафесіянальны, творчы, крэатыўна думаючы, згуртаваны педкалектыў.
— Людміла Іванаўна, а што, на вашу думку, пацвярджае выніковасць дзейнасці гімназіі?
У першую чаргу — высокі ўзровень паступлення выпускнікоў. І нам ёсць чым ганарыцца. Штогод у вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі, блізкага і далёкага замежжа паступаюць каля 82% нашых гімназістаў. Эфектыўнасць дзейнасці ўстановы пацвярджаецца таксама і дасягненнямі яе навучэнцаў. Ёсць чым ганарыцца і ў гэтым накірунку. Больш за паўтысячы вучняў за час існавання гімназіі сталі пераможцамі і прызёрамі раённых алімпіяд, больш за чатыры дзесяткі — абласных і рэспубліканскіх. Якасна працуе навуковае таварыства навучэнцаў, якое дало звыш 350 удзельнікаў раённых навукова-практычных канферэнцый. І ў бягучым годзе з абласных алімпіяд гімназісты прывезлі 6 адпаведных дыпломаў, сярод іх адзін — за першае месца па матэматыцы.
— Што бы вы хацелі сказаць педагагічнаму і вучнёўскаму калектывам гімназіі і ўсім, хто мае да яе дачыненне з нагоды юбілею.
Сёння з упэўненасцю можна сцвярджаць: браслаўская гімназія — цэнтр адукацыі і культуры рэгіёну. І ў ёй ужо 20 гадоў “славу прымнажаюць учынкамі”. Нам ёсць чым ганарыцца, роўна як і да чаго імкнуцца. Сардэчна віншую з юбілеем, жадаю моцнага здароўя, жыццёвага аптымізму, шчасця і дабрабыту. Навучэнцам — поспехаў у вучобе, творчых задум, настойлівасці і добрых адзнак. Педагогам — прафесійных перамог, навуковых дасягненняў і ўдзячных вучняў.