Пакарылі шумілінскага гледача

Главное

DSCN1910 (Medium)У сярэдзіне красавіка ў Шуміліна адбылося 13-ае абласное свята гумару “Смяяцца не грэх”. Традыцыйны гумарыстычны фэст ладзіцца больш за 20 гадоў. Раз у два гады на адной сцэне збіраюцца лепшыя калектывы і індывідуальныя артысты вобласці, каб пазмагацца за гран-пры і атрымаць тытул самага вясёлага ўдзельніка. Пакараць такую вяршыню ад Браслаўшчыны сёлета адправіліся калектыў сатыры і гумару “Далячанскія валацугі”, раённы аўтаклуб і народны тэатр мініяцюр “Покер”.
Пачалося свята ў аграгарадку Мікіціха, дзе адбылася прэзентацыя-візітка работы аўтаклубаў вобласці “У госці да вас”. Пазней сцэна была аддадзена тэатрам мініяцюр, цыркавым і тэатральным калектывам. Канкурэнцыя тут была не жартоўная, але браслаўчане, як заўсёды, выступілі выдатна. У выніку наш аўтаклуб са сваёй прэзентацыяй-візіткай заняў другое месца. А вось калектыў сатыры і гумару “Далячанскія валацугі” пад кіраўніцтвам Алы Шульі стаў трэцім. Іх праграма “Інтэрнэт, мужчыны і далячанскія жанчыны” віцебскім журы была адзначана як адна з лепшых на конкурсе. Трэба зазначыць, што абодва калектывы ўпершыню ўдзельнічалі ў свяце гумару “Смяяцца не грэх” і адразу паказалі добры вынік.
А вечарам свята гумару працягнулася ў райцэнтры. На канцэрт-конкурс “Зарапад” былі запрошаны лепшыя з лепшых калектывы вобласці. Браслаўшчыну тут прадставіў добра вядомы за межамі раёна тэатр мініяцюр “Покер”.
Для конкурсу яго кіраўнік Яўген Набееў спецыяльна стварыў новую і не падобную на іншыя праграму “Смехатэрапія, ці прыгоды дактароў”. Ён разам з маладымі артыстамі Аленай Зубко, Марынай Карач, Віталем Вінэлем, Уладзіславам Мацешам, Віталем Кавалеўскім і Наталляй Талмачовай настолькі выдатна ўвасобіліся ў ролі дактароў, што зала не стрымлівала ўсмешак і апладысментаў.
У выніку наш “Покер” абышоў усіх канкурэнтаў, не змаглі з ім пацягацца і гаспадары свята тэатр мініяцюр з Шуміліна гумару, неаднаразовы пераможца гэтага конкурсу. У выніку браслаўчанам дастаўся галоўны прыз — гран-пры конкурсу і бурныя авацыі гледачоў.
— “Покер” ужо пяты раз удзельнічае ў свяце гумару “Смяяцца не грэх”. Раней мы спыняліся ў кроку ад перамогі, а сёлета гран-пры нарэшце пакарылася нам, — расказвае кіраўнік тэатра мініяцюр Яўген Набееў. — Заняць месца на такім конкурсе вельмі прэстыжна, бо тут збіраюцца толькі самыя лепшыя калектывы вобласці. А яшчэ гэта добрая нагода сустрэцца з калегамі з іншых раёнаў, паглядзець, чым займаюцца яны. Увогуле нас добра прыняла і публіка, і журы. Пасля нашага выступлення члены журы зазначылі, што жанр, у якім мы выступаем, ім спадабаўся, і параілі развіваць яго надалей. Перамога ў конкурсе такога маштабу стала для “Покера” добрым стымулам. Ужо хутка мы пачнём рыхтавацца да фестывалю гумару, што ладзіць “Тэатр Хрыстафор”. У жніўні ён пройдзе ў Віцебску.

Таццяна Пятушка.