У звязцы з пагранічнікамі

Государственная пограничная политика Новости

IMG_9157 (Medium)На мінулым тыдні на базе пагранічнай заставы “Плюсы” прайшлі аднадзённыя заняткі з афіцэрамі запасу нашага раёна. Раней у Полацкім пагранічным атрадзе ўжо ладзіліся такія сустрэчы з прадстаўнікамі ваенных часцей тэрытарыяльных войскаў Віцебскага, Лёзненскага і Дубровенскага раёнаў.
Правядзенне падобных заняткаў неабходна для таго, каб павысіць узровень ведаў і падрыхтаванасці афіцэраў запасу. Калі ўзнікне неабходнасць, яны будуць дапамагаць пагранічнікам ахоўваць Дзяржаўную мяжу ад пранікнення ў краіну радыкальных і экстрэмісцкіх груповак, узброеных фарміраванняў, а таксама спыняць спробы дастаўкі зброі, боепрыпасаў і іншае.
Каб дзейнічаць у адной звязцы з вайскоўцамі ў зялёных фуражках, неабходна ведаць спецыфіку іх службы. На гэта і былі накіраваны заняткі. А пачаліся яны са знаёмства з камандаваннем.
Перад афіцэрамі запасу выступілі першы намеснік начальніка пагранатрада Максім Прыбачэнка і намеснік начальніка Полацкага пагранічнага атрада Эдуард Хадановіч. Пазнаёміўшы прысутных са структурай атрада, асаблівасцямі ўчастку, базай, яны падкрэслілі актуальнасць мерапрыемства ў пытаннях абароны краіны ад знешніх і ўнутраных пагроз.
Пра гісторыю і сучаснасць пагранатрада прысутныя даведаліся з фільма. Створаны ў 1992 годзе, ён з’яўляецца адзіным у Беларусі, на ўчастку якога адразу тры мяжы — з Латвіяй, Літвой і Расіяй. Агульная працягласць ахоўваемага ўчастка больш за 270 км. Толькі ў мінулым годзе тут затрымалі 66 парушальнікаў мяжы, больш за 360 — пагранічнага рэжыму, таварна-матэрыяльныя каштоўнасці на суму больш за 7,5 млрд рублёў, а з пачатку 2015 года 15 — парушальнікаў мяжы і 98 — пагранічнага рэжыму, ТМЦ на суму больш за 3 млрд рублёў.
Пазней у афіцэраў запасу пачаліся заняткі. Падчас іх яны пазнаёміліся з асноўнымі законамі, якімі кіруюцца пагранічнікі. Гутарка ішла і пра змяненні ў законах “Аб дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь” і “Аб органах пагранічнай службы”, якія ўступяць у сілу ў ліпені гэтага года і значна пашыраць паўнамоцтвы вайскоўцаў у зялёных фуражках. Акрамя гэтага, было зазначана, што сёлета плануецца ўдасканаліць пропуск вялікагрузных транспартных сродкаў па электроннай чарзе. Дастаткова будзе зарэгістравацца на сайце Дзяржпагранкамітэта і прыехаць у выбраны пункт пропуску ў пэўны час.
Афіцэрам запасу на практыцы паказалі ўзбраенне пагранічнага нарада, парадак затрымання парушальнікаў і дзеянні пагранічнікаў, умовы прымянення фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі пры ахове мяжы, пазнаёмілі з традыцыямі вайскоўцаў у зялёных фуражках. Асаблівая ўвага была нададзена формам і спосабам абароны мяжы, хітрыкам, якімі карыстаюцца парушальнікі і кантрабандысты. Пазней было прапанавана пазнаёміцца з экіпіроўкай сучаснага абаронца мяжы, якая будзе выдавацца і афіцэрам запасу падчас выканання баявых задач, а потым і на практыцы паспрабаваць сябе ў следапыцтве.
— Заняткі, на мой погляд, прайшлі выдатна. І метадычны ўзровень, і практычныя мерапрыемствы былі праведзены на высокім узроўні. Усе пастаўленыя мэты і задачы былі дасягнуты і ў цэлым, і ў прыватнасці, — зазначыў ваенны камісар Браслаўскага РВК Віталь Грамніцкі.
Сваю ацэнку далі і ўдзельнікі заняткаў, у прыватнасці, камандзір батальёна Вадзім Чэкан зазначыў, што афіцэры запасу, якія прынялі ўдзел у трэніроўцы, атрымалі вялікі багаж ведаў і ўменняў, якія будуць ім неабходны ў сумесных дзеяннях з пагранічнікамі.
Заняткі з прадстаўнікамі тэрытарыяльных войскаў даўно ладзяцца ў раёне, але сумесна з пагранічнікамі ўпершыню. У далейшым гэта ўвойдзе ў пастаянную практыку.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.