Сацыяльны характар акцый Еўраопта

Главное

IMG_8444 (Small)У дадатак да дзеючага магазіна кампаніі “Еўраопт”, што размясціўся па вул. Дзяржынскага, летась адкрыўся і супермаркет па вул. Кастрычніка. Тут кожны з пакупнікоў можа набыць тавары на свой густ, пачынаючы ад прадуктаў харчавання, паўфабрыкатаў, гатовай прадукцыі ўласнага прыгатавання да рэчаў першай неабходнасці для дому, асабістай гігіены. І вось адразу пасля навагодніх свят «Еўраопт» арганізаваў бясплатныя аўтобусныя маршруты для сельскіх жыхароў. Гандлёвая сетка абазначыла адным з прыярытэтаў сваёй дзейнасці менавіта прынцып сацыяльнай адказнасці і дастаткова выразна абазначыла жаданне забяспечыць сучасным сэрвісам не толькі гарадскога, але і сельскага жыхара.
Лідар беларускага рэтэйла адкрыў у канцы студзеня па ўсёй краіне адразу 16 пастаянных аўтобусных маршрутаў для вяскоўцаў, якія могуць купіць усё неабходнае ў магазінах “Еўраопта”.
Браслаўскі “Еўраопт” адкрыў пастаянныя маршруты да Шаркаўшчыны, а таксама да Відзаў і Друі. Жыхары гэтых населеных пунктаў і навакольных вёсак могуць сесці ў пэўны час у фірменны мікрааўтобус і даехаць да супермаркета. Падставай для зваротнага праезду служыць касавы чэк магазіна і праязны білет, які даецца пры разліку за пакупкі на касе.
У лютым гандлёвая кампанія зрабіла чарговы крок насустрач пакупніку. Цяпер па заяўцы сельвыканкама аўтобус “Еўраопта” завязе ў магазін пакупнікоў з любога населенага пункта, трэба толькі пакінуць сваю заяўку-пажаданне старэйшыне. Жадаючых паехаць у райцэнтр за пакупкамі павінна быць не менш за 15 чалавек.
Так на справе “Еўраопт” рэалізуе прынцып сацыяльнай справядлівасці, калі сучасны гандлёвы сэрвіс становіцца даступным не толькі гараджанам, а і вяскоўцам.
У нашым раёне аўтобус на Шаркаўшчыну, напрыклад, курсіруе чатыры разы на тыдзень. Нашым суседзям, па іх водгуках, гэта вельмі зручна.
У адзін з выхадных дзён давялося пагутарыць з некаторымі з іх. Шаркаўчане вельмі задаволены такім сэрвісам. Сямейная пара Алена і Уладзімір закупілі ў адзін з прыездаў усё неабходнае з прадуктаў харчавання.
— Вельмі зручна і танна, — казалі яны. — А галоўнае, што ўсё ў адным месцы, добрае і ветлівае абслугоўванне. У наступны раз прыедзем за прамысловымі таварамі, выбар якіх тут таксама багаты.
— Добрую справу зрабіў “Еўраопт” і жыццё наша, сельскіх жыхароў, крыху аблегчыў. Мала таго, што не абавязкова чакаць аўталаўку, у якой і выбар прадуктаў невялікі. А тут ужо аддаў мільён, а то і больш, і сядзі спакойна, — такія словы ўдзячнасці давялося пачуць ад пенсіянераў Шаркаўшчынскага раёна.
Для “Еўраопта” сапраўды кожны пакупнік важны і кожны — жаданы госць.
Да таго ж, акрамя ўласных гандлёвых плошчаў, “Еўраопт” прытуліў шэраг прадпрымальнікаў, якія адкрылі тут свае магазіны. Знайшлося месца і для дзяржаўнай аптэкі, патрэба ў якой у самым густанаселеным мікрараёне Браслава была вялікай. Так было рэалізавана мерапрыемства абласной падпраграмы “Віцебская фармацыя”. А колькі зручнасцей для браслаўчан. Цяпер не трэба ісці далёка ў цэнтральную аптэку ці ў “Віталіч”, а патрэбныя лекі можна купіць пры паходзе ў магазін за прадуктамі харчавання.
Хочацца спадзявацца, што гэта не апошняя акцыя “Еўраопта”.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.