Сакрэты сям’і Павініч

Главное

IMG_9930 (Small)Ганна і Аляксандр Павінічы пазнаёміліся ў час вучобы ў Віцебскім вучылішчы мастацтваў. Вучыліся яны ў адной групе. Аляксандр адразу прыкмеціў худзенькую абаяльную дзяўчыну, а Ганна не змагла ўстаяць перад статным сімпатычным юнаком. Нядоўга цягнуўся іх цукерачна-букетны раман. Мужам і жонкай маладыя студэнты сталі праз паўгода пастаянных сустрэч і заляцанняў. Ніводзін з іх не сумняваўся ў выбары свайго партнёра па шлюбе. І пацвярджэнне гэтаму 22 гады сумеснага жыцця.
— Мяне прывабіла ў Сашы тая рыса характару, што ён не пазбаўляў мяне асабістай прасторы, а гэта для мяне, чалавека творчага, было і застаецца вельмі важным, — прызнаецца Ганна. — Аднак праз усе гады, што крочым плячо ў плячо, мы пранеслі пачуццё ўзнёслага кахання, без якога, упэўнена, не існавала б ні адна сям’я.
Ганна сама родам з Оршы. Аднак Саша настаяў, каб пасля размеркавання сям’я пераехала на яго радзіму ў Відзы. Хоць маладая жонка напачатку крыху і ўпарцілася, бо яе чакалі на працу ў родным горадзе, усё ж не магла супрацьстаяць мужу, тым больш што на руках у Павінічаў ужо была маленькая дачушка Яна. У тым, што яна будзе ў будучым таксама звязана з творчасцю, маладыя бацькі ніколькі не сумняваліся.
— Мне здаецца, — кажа Ганна, — што яна пачала спяваць ужо ў маім жываце, а потым выдавала канцэрты ў калясцы. Яначка расла з намі ў Доме культуры, куды мы ўладкаваліся на працу, я напачатку — балетмайстрам, а Саша – мастацкім кіраўніком.
Менавіта з моманту прыходу Павінічаў у Дом культуры творчае жыццё ў пасёлку па-сапраўднаму забурліла. Яны змаглі сабраць вакол сябе неабыякавых да песні і танца людзей, прытым рознага ўзросту. Сваё існаванне ў 1995 годзе пачаў танцавальны калектыў “Усмешка”. Цяпер у ім займаюцца ў чатырох групах танцоры ад 4,5 да 18 гадоў.
У 2001 годзе ў Павінічаў нарадзіўся сын Данік. Яму споўнілася ўсяго 5 месяцаў, як Ганна выйшла на працу. Пакуль была занята на рэпетыцыях, вырашала арганізацыйныя пытанні, якіх нямала ў дырэктара, у Сашыны абавязкі ўваходзіла кармленне сына, догляд за ім. Яны ніколі не дзялілі сямейныя абавязкі на твае і мае. Уладкоўвалі свой быт заўсёды разам і стараліся дапамагчы адзін аднаму, чым маглі, падтрымаць, замяніць, падставіць у патрэбную хвіліну надзейнае плячо. А гэта таксама немалаважна ў сям’і, дзе падрасталі двое дзяцей, а самі бацькі па чарзе да таго ж атрымлівалі вышэйшую адукацыю.
Сёння Павінічы спаўна могуць ганарыцца не толькі творчымі здабыткамі калектываў, якімі кіруюць і што існуюць пры Відзаўскім Доме культуры, але і дзецьмі. Шмат перамог прынесла Яна на абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах. Маладая спявачка вядома далёка за межамі Відзаў. Яна ўладальніца спецыяльных прэмій Прэзідэнта, Віцебскага аблвыканкама па падтрымцы таленавітай моладзі. Нераўнадушным да сцэны аказаўся і Данік. Ён ужо колькі гадоў запар танцуе ў мастацкім калектыве “Усмешка” і марыць пра сцэнічную кар’еру. Вось толькі бацькам хочацца іншы раз “прызямліць” сына. Лічаць, што хопіць у сям’і артыстаў.
Жыццё, вядома ж, расставіць свае кропкі над “і”. Дастаткова, здаецца, ужо таго, што агульнымі сямейнымі намаганнямі Павінічы стварылі 10 творчых калектываў. Званне народнага носіць ансамбль народнай песні “Відзаўчанка”, узорнага – студыя дзіцячай песні “Фартуна”.
Відзаўскі Дом культуры прызнаваўся лепшым на Віцебшчыне, пераможцам у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшы клуб. Не злічыць, колькі ўзнагарод за асабістыя творчыя заслугі ў Ганны, Аляксандра, Яны (дарэчы, дзяўчына таксама вярнулася пасля заканчэння вучылішча мастацтваў на радзіму, спявае, танцуе, іграе ў драматычным калектыве).

Гледзячы на Павінічаў, заўсёды думаю, што так могуць працаваць і жыць толькі сапраўды апантаныя любімай справай людзі. Але без падтрымкі і ўзаемапавагі, якія пануюць паміж Ганнай і Аляксандрам, іх любові адзін да аднаго не было б і такіх творчых поспехаў.

Зінаіда Палулех.