Сустрэча сагрэла цяплом

Новости

IMG_5512 (Small)Дні пасля Нараджэння Хрыстова называюцца святкамі — святымі днямі. У гэты час прынята адорваць падарункамі ў памяць пра паднашэнне вешчуноў Хрысту, не забываць пра добрыя справы, наведваць блізкіх, знаёмых. Таму святачныя дні нясуць нам радасць і цеплыню сустрэч.
У мінулую нядзелю ў актавай зале СШ №2 адбылася чарговая калядная сустрэча, што стала ўжо добрай традыцыяй. Атмасфера свята адчувалася яшчэ ў фае, дзе цэнтр дзяцей і моладзі прадставіў работы сваіх выхаванцаў на выставе “Цуды на Каляды”. Зімовыя дзіцячыя фантазіі ўвасобіліся ў незвычайныя работы. Карціны, выкананыя ў розных тэхніках, калядныя лялькі, рознакаляровыя ёлачкі выяўлялі багатае ўяўленне і цеплыню душы іх аўтараў. Майстэрства таленавітых дзяцей выклікала захапленне і пахвальныя водгукі прысутных, якіх асабліва ўразілі вытанчаныя паштоўкі, зробленыя фларыстамі.
У цёплай і добразычлівай атмасферы прайшла першая частка мерапрыемства. Адкрыў “Калядныя сустрэчы” ганаровы госць — архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, які падзяліў з прысутнымі радасць з нагоды вялікага свята. І з уласцівай яму асаблівай манерай, якая выклікае сімпатыі слухачоў, павёў гутарку пра рэаліі нашага жыцця. Вядома, што ўладыка Феадосій многа сіл аддае духоўнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Таму ён узгадаў пра моладзь, на якую зараз шмат нараканняў, адзначыўшы, што маладым людзям прыходзіцца цяжэй, чым старэйшым, — іх неакрэплыя розумы і сэрцы штодзённа выпрабоўваюцца спакусамі зла. А абароніць ад іх найлепшы імунітэт, які толькі можа мець чалавек, — гэта вера. Асобна спыніўся ганаровы госць на такой якасці, як паслухмянасць — дзяцей перад бацькамі, людзей перад Богам, слушна лічачы яе добрым спосабам перадачы вопыту і ведаў. Узгадаў таксама пра міласэрнасць і звярнуў увагу на неабходнасць яе праяўлення да бліжніх без нейкіх абмежаванняў, а таксама пашкадаваў з прычыны таго, што людзі адышлі ад малітоўнасці, забыліся пра сілу агульнай царкоўнай малітвы. Свае разважанні ўладыка Феадосій суправаджаў красамоўнымі прыкладамі.
Са словамі віншавання выступіў таксама старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, які павіншаваў прысутных з радасным і светлым святам, пажадаў здароўя, дабрабыту і ладу ў сем’ях. Далучылася да выступаючых і старшыня райсавета Ніна Пучынская. Яна шчыра падзякавала архіепіскапу Полацкаму і Глыбоцкаму Феадосію за ўвагу і клопат пра браслаўчан.
Да “Калядных сустрэч” была прымеркавана насычаная канцэртная праграма. Падрыхтавала яе вялікая творчая сям’я, якая аб’яднала вучняў школ, выхаванцаў нядзельнай школы, артыстаў ДК, пры дапамозе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Вяла праграму Таццяна Кука, якая, дарэчы, была і яе рэжысёрам.
Таленавітыя артысты СШ №2 паказалі калядную інсцэніроўку, якая нагадала гледачам пра міласэрнасць, дабрыню і паслухмянасць. Сваё спеўнае майстэрства падарылі выхаванцы нядзельнай школы пры Свята-Панцеляймонаўскім жаночым манастыры. Духоўныя песнапенні, выкананыя імі акапэла, закранулі сэрцы прысутных. Узнёслы святочны настрой у зале падтрымалі і выступленні юных музыкантаў — навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў. Нават самыя запатрабавальныя гледачы не засталіся абыякавымі да нумароў у выкананні цымбалістак з самай мнагадзетнай сям’і Браслаўшчыны Эльвіры і Кацярыны Дзямідка і трыа баяністаў, якія атрымалі Гран-пры на музычным фестывалі “Да сонца”. Свае музычныя віншаванні адрасавалі гледачам і артысты РДК. У іх выкананні гучалі цудоўныя песні пра маці, сямейнае шчасце. Выклікала замілаванне і вельмі кранула выступленне самай маленькай удзельніцы — міні-міс Браслава Ксеніі Кісляковай. А завяршыла канцэртную праграму харэаграфічная пастаноўка “Калядная зорка” ў выкананні балетмайстра РДК Кацярыны Бабчонак, якая вывела на сцэну ўсіх выканаўцаў. Яны сваёй шчырасцю і талентам імкнуліся стварыць у зале атмасферу сапраўднага свята, адчуванне калядных цудаў, і, трэба сказаць, ім гэта ўдалося.

Жанна Бялько.
Фота аўтара.