Музыкі чароўныя гукі

Новости

IMG_7585 (Small)Фестываль-конкурс “Да сонца – 2015”, які прайшоў у дзіцячай школе мастацтваў напярэдадні праваслаўных Каляд, выліўся ў сапраўднае свята. Сімвалам яго стаў Сланечнік. І нездарма, бо яго нярэдка называюць сонейкам у мініяцюры, і мае ён многавяковую гісторыю. Па адной са старажытных легенд, Богі падарылі людзям Сланечнік, каб іх ніколі не пакідала сонца. З той пары гэтая цудадзейная кветка сапраўды з’яўляецца сімвалам святла, цяпла і жыцця на зямлі.
Вучні Браслаўскай ДШМ, Друеўскага і Ахрэмаўскага філіялаў, як тое ж сонейка, дарылі прысутным цяпло і радасць свайго таленту. А творчыя выступленні канкурсантаў ацэньвала журы ў складзе дырэктара Наўенскай музычнай і мастацкай школы Сподрыс Качан, намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алены Котавай, балетмайстра РДК Кацярыны Бабчонак.
Конкурс праходзіў у дзвюх намінацыях – сола і ансамбль.
Напачатку на сцэну адзін за адным выходзілі юныя музыканты, якія дэманстравалі ігру на розных інструментах – флейце, акардэоне, саксафоне, фартэпіяна, баяне, скрыпцы, цымбалах. У кожнага юнага музыканта – свае педагогі, розны ўзровень падрыхтоўкі. Аднак скажу шчыра, што ўсе яны здзівілі журы і прысутных сваёй індывідуальнасцю, многія – артыстызмам і віртуознасцю ігры. Па ўсім адчувалася, што дзеці прыйшлі ў ДШМ не пад прымусам і вучацца ігры на абраных імі інструментах з вялікім захапленнем. Але ж конкурс ёсць конкурс, і ў ім павінны быць вызначаны пераможцы. Дыпломы атрымалі Алег Лапко, які цудоўна выканаў на акардэоне мелодыю “Вясёлы каўбой”, і Настасся Ліпская, якая іграла на фартэпіяна “Настальгію”. Першае месца дасталося юнаму баяністу Аляксею Сергуну, а Гран-пры – цымбалістцы Надзеі Мацулевіч за кампазіцыю “Стамбул”. Ёй жа ўручылі і пераходны прыз – сімвал фестывалю Сланечнік.
Не менш прыемных уражанняў даставілі і ўдзельнікі конкурсу ў намінацыі ансамбль. Свае таленты дэманстравалі 20 калектываў, сярод якіх былі танцавальныя, інструментальныя, вакальныя. На працягу гадзіны ва ўтульнай зале ДШМ гучала душэўная і бадзёрая музыка, чыстыя дзіцячыя галасы, радавалі сваімі выступленнямі юныя танцоры.
Журы адзінагалосна прысудзіла Гран-пры трыо баяністаў, якія выконвалі кампазіцыю “Карамельны аўкцыён”. Дарэчы будзе зазначыць, што гэты калектыў юных музыкантаў, якія займаюцца ў педагога Ірыны Бялусь, з’яўляецца неаднаразовым удзельнікам розных конкурсаў, у тым ліку і міжнародных. Цяпер рыхтуецца да чарговага – рэспубліканскага.
Першае месца дасталося дуэту цымбалістак, які выконваў “Вальс матылька”. Многія ўдзельнікі атрымалі дыпломы, а ўсе – салодкія прызы.
Пасля конкурсу пераможцаў, прызёраў і дыпламантаў чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз – пачастунак у кафэ “Канюшына”.
Па заканчэнні свята я пацікавілася пра ўражанні ад яго і ўзровень браслаўскіх юных музыкантаў у Сподрыса Качана. Ён зазначыў, што вельмі рады супрацоўніцтву паміж Браслаўскай ДШМ і Наўенскай музычнай і мастацкай школай. Задаволены, што гэта супрацоўніцтва падмацоўваецца канкрэтнымі справамі. Дзеці з Латвіі прыязджаюць у Браслаў, а браслаўчане – з візітам у адказ. Гэта дае магчымасць не толькі завесці новае знаёмства, але і павучыцца равеснікам адзін у аднаго, а педагогам – абмяняцца вопытам.
— У браслаўскіх дзяцей высокі ўзровень падрыхтоўкі. Многіх з іх ужо сёння можна выпускаць на вялікую сцэну, і не будзе сорамна за іх выступленне. А творчая ідэя правядзення такога фестывалю-конкурсу дырэктара ДШМ Альберта Белуся вартая шчырых слоў удзячнасці. Такія мерапрыемствы даюць магчымасць дзецям адчуць сябе сапраўднымі артыстамі, параўнаць узровень сваёй падрыхтоўкі з іншымі і зразумець, да чаго можна імкнуцца.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.