Прырода адна на ўсіх

Главное

IMG_4932 (Small)На мінулым тыдні на базе адпачынку “Дрывяты” нацыянальнага парка адбыўся ацэначны семінар, які падвёў рысу пад працяглай і карпатлівай работай над стварэннем міжнароднай прыродаахоўнай тэрыторыі.
Праект “Аўгшдаўгава – Браслаўскія азёры” быў запушчаны паўтара года таму назад. Ён мае на ўвазе стварэнне трансгранічнай асабліва ахоўваемай тэрыторыі (ААПТ) на землях нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры” і прылягаючай да яго мясцовасці на тэрыторыі Латвіі. Яго галоўныя мэты – захаванне прыроднай і гісторыка-культурнай спадчыны, правядзенне даследаванняў, шырокая інфармацыйна-прапагандысцкая дзейнасць і развіццё турызму.
Згодна з дакладам менеджэра праекта Ірэны Мускарэ, за час яго рэалізацыі былі праведзены глыбокія навуковыя даследаванні прыроды, у выніку якіх выяўлены рэдкія біятопы, віды раслін і жывёл. Распрацаваны план кіравання трансгранічнай ААПТ, выдадзены адпаведныя інфармацыйна-асветніцкія матэрыялы, створаны экалагічныя сцежкі, закуплена абсталяванне для інфацэнтраў і многае іншае. На мэты, прадугледжаныя праектам, зрасходавана крыху больш за 250 тысяч еўра.
У рамках прыродаахоўнай ініцыятывы атрымаў сваё другое нараджэнне Наўенскі краязнаўчы музей (Латвія), які цяпер уражвае сваіх наведвальнікаў самымі сучаснымі тэхналогіямі. Аналагічнымі магчымасцямі валодае і інтэрактыўны інфармацыйны цэнтр нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры”, які таксама прэзентавалі падчас семінара. Гэты пункт выдатна абсталяваны і дазваляе не проста падрабязна азнаёміцца з прыродай Браслаўшчыны і прыгранічнымі ахоўваемымі тэрыторыямі Латвіі, але і віртуальна пабываць у пяцідзесяці найбольш маляўнічых кропках нашага краю. Зрабіць гэта дазваляюць некалькі шырокафарматных манітораў з функцыяй “Touch Screen” (дотык да экрана) і сучасная мультымедыйная сістэма.
У рамках праекта яго ўдзельнікі і зацікаўленыя бакі правялі некалькі насычаных рабочых сустрэч у Браславе, Даўгаўпілсе і Мінску. У выніку прадстаўнікі прыродаахоўных ведамстваў абодвух бакоў, у тым ліку і на ўзроўні адпаведных міністэрстваў, знайшлі ўзаемаразуменне і распрацавалі Пагадненне аб стварэнні трансгранічнай ААПТ. Гэты дакумент і быў падпісаны абодвума бакамі на выніковым семінары. Як адзначыла дырэктар Латгальскай рэгіянальнай адміністрацыі Агенцтва аховы прыроды Латвіі Анда Зейзе, падпісанне пагаднення – гэта вельмі важная вяха ў прыродаахоўным супрацоўніцтве дзвюх краін, бо, нягледзячы на мяжу, прырода ў нас адна. сказала яна. “Для дасягнення сапраўды важкіх вынікаў нам неабходна працягваць шчыльнае супрацоўніцтва”, – сказала яна.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.