«Клопат дзяржавы пра сям’ю — важнейшая задача сацыяльнай палітыкі» і «1 снежня — Сусветны дзень прафілактыкі СНІД» — асноўныя тэмы, па якіх на мінулым тыдні вялі размову інфармацыйныя групы на сустрэчах з насельніцтвам.
Падчас зносін з працаўнікамі прадпрыемства меліярацыйных сістэм старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў напачатку акрэсліў сацыяльна-эканамічнае становішча раёна на сённяшні дзень, закрануў тэмы добраўпарадкавання, асабліва ў час падрыхтоўкі да 950-годдзя горада, гандлёвага абслугоўвання насельніцтва. Асобна засяродзіў увагу на праблеме рэканструкцыі РДК, якая хвалюе, бадай, усіх браслаўчан. Сёлета на рамонтныя работы з раённага бюджэту выдзелена каля 1 мільярда сродкаў, а ўвогуле для іх завяршэння неабходна каля 4 млрд. Нягледзячы на складанасці з фінансаваннем, Сяргей Шматаў выказаў упэўненнасць, што да святкавання юбілею Браслава рэканструкцыя будзе завершана.
Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Іна Пашкевіч расказала пра эканамічныя, сацыяльныя, працоўныя гарантыі і правы, якія ў Беларусі на заканадаўчым узроўні забяспечваюць надзейную сістэму сацыяльнай абароны сямей з дзецьмі.
Акрамя дапамог па цяжарнасці і родах, у сувязі з нараджэннем дзяцей, доглядзе за імі да 3 гадоў і старэйшымі, якія рэгулярна павышаюцца, бо прывязаны да бюджэту пражытачнага мінімуму ці сярэднямесячнай зарплаты работнікаў у рэспубліцы існуюць і іншыя віды сацыяльнай падтрымкі. Сёлета, напрыклад, у раёне 37-і малазабяспечаным сем’ям аказана дзяржаўная адрасная дапамога для падрыхтоўкі дзяцей да школы на агульную суму 49 млн 600 тыс.руб., у выглядзе штомесячнай ці аднаразовай дапамогі — 244 грамадзянам на суму 100,5 млн руб. На 253 млн руб. 77 дзяцей ва ўзросце да 2 гадоў атрымалі бясплатныя прадукты харчавання, на 314,5 млн руб. выплачаны дапамогі для кампенсацыі затрат на набыццё падгузнікаў для інвалідаў 1 групы і дзяцей-інвалідаў.
Асаблівая ўвага ў краіне, адзначыла Іна Пашкевіч, надаецца вырашэнню жыллёвых праблем: шматдзетныя сем’і маюць права на льготны крэдыт на 40 год пад 1 % гадавых. Фінансавая падтрымка дзяржавы ў пагашэнні запазычанасці па льготных крэдытах шматдзетным сем’ям складае 75 % ад сумы запазычанасці па выдадзеных крэдытах пры наяўнасці 3 непаўналетніх дзяцей і 100% — калі дзяцей 4 і больш. А маладым сем’ям — 10 % ад сумы запазычанасці па выдадзеных крэдытах пры нараджэнні (усынаўленні) першага дзіця і 20 % — другога.
Захаванне рэпрадукцыйнага здароўя нацыі — таксама адзін з важнейшых накірункаў клопату пра сям’ю. У рэспубліцы ўведзена абавязковае ўльтрагукавае абследаванне ўсіх цяжарных жанчын. А пры наяўнасці паказанняў яны праходзяць дэталёвае абследаванне.
Галоўны ўрач ЦРБ Аляксандр Макарэвіч у сваю чаргу патлумачыў, што асноўнай мэтай Сусветнага дня прафілактыкі СНІД з’яўляецца павышэнне дасведчанасці пра ВІЧ-інфекцыю і дэманстрацыя міжнароднай салідарнасці перад тварам эпідэміі. Зараз у свеце 35,3 млн чалавек жывуць з ВІЧ-інфекцыяй. Толькі за мінулы год заразіліся яшчэ 2,3 млн, 1,6 млн памерлі ад звязаных з ёй хваробамі.
У Беларусі зарэгістраваны 17 102 выпадкі гэтай небяспечнай інфекцыі, асноўны шлях яе распаўсюджвання — неабароненыя палавыя кантакты. Найбольшая колькасць ВІЧ-інфіцыраванныя выяўлена ва ўзросце 15-29 гадоў. У нашым раёне зарэгістравана 9 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі.
Аляксандр Макарэвіч заклікаў далучацца да мерапрыемстваў, прымеркаваных да Сусветнага дня прафілактыкі СНІД.
Казімір Пятушка.