Дарагія сэрцу ўспаміны

Главное

Векапонае (дарагія сэрцу успаміны)Вайна… Колькі б ні прайшло гадоў, падзеі тых часоў не забываюцца. І хоць усё меней застаецца жывых сведкаў — ветэранаў, партызан, вязняў фашысцкіх лагероў, але памяць пра сваіх блізкіх захоўваюць іх дзеці і ўнукі.
Вайна закранула амаль кожную сям’ю. У мяне таксама бабуля, дзядуля, маці, дзядзька і цёця пабывалі ў нямецкім лагеры. На жаль, сёння жывая толькі цёця, якой тады было ўсяго 8 месяцаў.
Да вайны сям’я Лаўрыновічаў жыла ў в.Вусце, на той час Казянскага сельсавета. Статны, прыгожы 25-гадовы Мікалай быў прыметным хлопцам у наваколлі, таму 17-гадовая Клаўдзія не адмовіла сватам і пайшла за яго замуж.
Праз год нарадзілася першая дачушка Сафія, мая маці, затым сын Генадзь, а ў 1942 годзе дачка Антаніна.
Дзед мой Мікалай да вайны быў старшынёй сельсавета. На фронт яго ў першы прызыў не забралі, бо хварэў на туберкулёз і меў плоскаступнёвасць. Жыхары вёскі не выдалі яго. Але мясцовыя паліцаі добра ведалі, кім быў Мікалай Антонавіч. Таму дзеда арыштавалі і забралі ў нямецкую камендатуру, якая размяшчалася ў Відзах (цяперашні будынак пошты).
Бабуля ж не магла з гэтым змірыцца і вырашыла яго ратаваць. Дайшла да камендатуры і запытала, што будзе далей з яе мужам.
— Расстраляем, — адказалі паліцаі.
Села маладая жанчына на лаўку каля будынка і горка заплакала. У гэты час пад’ехала чорная бліскучая машына, з якой выйшаў нямецкі афіцэр. Ён глянуў на жанчыну і запытаў, чаму ж тая так гаруе.
Наіўная вясковая жанчына не спужалася, а расказала пра сваё гора. Дзіўна, але афіцэр выслухаў. Праз перакладчыка пацікавіўся, хто такі старшыня сельсавета.
— Гэта як стараста? — спытаў ён.
— Так, — адказала бабуля. — Нічога дрэннага ён не рабіў. Збіраў падаткі, сачыў за парадкам.
— Ну згода, калі так, — сказаў немец, — сабяры 50 подпісаў, што твой муж добры чалавек, тады адпусцім.
Бабуля пайшла па вёсках і сабрала подпісы.
Нямецкі афіцэр стрымаў слова, і дзеда адпусцілі. Але не вельмі доўгай была радасць. Неўзабаве разам з аднавяскоўцамі сям’ю Лаўрыновічаў прывезлі ў Відзы, далей — на чыгунку. Так і трапілі ў Германію, дзе знаходзіліся са жніўня 1943 па май 1945 года.
Спачатку сям’ю накіравалі ў берлінскі лагер “Бамшулевег – 18”. Там былі адны беларусы. Умовы пражывання, мякка кажучы, цяжкія. Але знайшоўся “хітры мужычок”, які змог упэўніць, што яны з вёсак, што знаходзяцца на літоўскай тэрыторыі, і яны як бы ліцьвіны. Тады іх перавялі ў другі берлінскі лагер “Рудоў – 33”, дзе умовы былі крыху лепшыя, бо там жылі прыбалты.
Кожнай сям’і выдзелілі свой маленькі закуток у бараку. Кожны дзень строгі камендант з нагайкай дасканала правяраў, каб была чысціня, запраўлены нары, не было ніякіх лішніх рэчаў. Вельмі каралі і білі за крадзяжы, прычым няважна, у немцаў украў ці ў сваіх.
А дзеці маглі пашумець, загуляцца, за што часам атрымлівалі нямецкай нагайкай. Так і мая матуля аднойчы за нейкую правіннасць некаторы час хадзіла са шрамам праз ўсю спіну.
Дзядулю разам з іншымі мужчынамі кожную раніцу вывозілі ў горад, дзе палонныя займаліся рамонтам, будавалі дарогі, разбіралі завалы пасля бамбёжак. І так кожны дзень з раніцы да позняга вечара, без свят і выхадных.
Таму што ў бабулі было немаўляці, яе заставілі працаваць на кухні. Шэф-повар быў італьянцам. “Вялікі, лысы і добры,” – так ахарактарызавала яго Клаўдзія. Заўсёды стараўся падкарміць сваіх падначаленых, а пры магчымасці бульбіну ці кавалачак хлеба ціхенька сунуць ў кішэню — дзеткам.
Да таго ж вечарамі Клаўдзія прыбірала пакоі ў перакладчыка і санітара. Часам што-небудзь перападала і там, таму дзеці хоць і не шыкавалі, але і не галадалі. Старэйшыя даглядалі малую, бо нялёгка даставаўся бабулі той лішні кавалак хлеба: напружаная праца з 6 раніцы і да цямна.
Жонка перакладчыка мела такую дзіўную на той час рэч, як фотаапарат. Вучылася ім карыстацца і таму фатаграфавала ўсё безразбору. У аб’ектыў трапіла і мая бабуля. Некалькі здымкаў захаваліся да сённяшняга часу. Такі вось рарытэт — здымкі з нямецкага лагера, якім болей за 70 гадоў.
У 1945 годзе іх вызвалілі. Саюзнікі прапаноўвалі ехаць ў Польшчу, Амерыку і чамусьці ў Калінінградскую вобласць. Але бабуля нічога не жадала чуць. Толькі на Радзіму, толькі да роднай вёскі і хаты. Доўга ехалі цягніком, з перасадкамі. У Гродна бабулю з дзеткамі адправілі дамоў. А дзядулю Мікалая затрымалі ў НКУС, і дадому ён вярнуўся не адразу.
Хата іх згарэла, жылі ў ацалелай лазні. Будавацца не давалі, бо яны не ваявалі, а былі ў лагеры.
Неяк праз знаёмых удалося ўзяць у арэнду хутар каля в. Марозаўка. Тут нарадзіліся яшчэ двое дзетак. Безумоўна, здароўе ў дзядулі, падарванае цяжкай працай у Нямеччыне, было слабое, таму ён хутка памёр. І засталася Клаўдзія адна з пяццю дзеткамі на руках. Цяжка прыйшлося, многа і нястомна працавала, але ўсіх паставіла на ногі. Дачакалася 8 унукаў, аднаго праўнука. Удзячныя дзеці даглядалі сваю матулю да апошняга яе дня.
Хоць многа год ўжо няма з намі дзеда, бабулі, маёй маці і дзядзькі, памяць пра іх застанецца ў нашых сэрцах назаўсёды.
І цяпер пры сустрэчах мы, дзеці, унукі, праўнукі, заўсёды з пяшчотай ўспамінаем сваіх родных і абавязкова пяём любімую песню маёй бабулі Клаўдзіі Антонаўны — “Милой, ласковой, самой письмецо тебе шлю… Мама, милая мама, как тебя я люблю…”.

Галіна Кандратовіч,
бібліятэкар г.п. Відзы.