Агародніны і садавіны хопіць на міжсезонне

Главное

НарыхтоўкіКожны з нас стараецца ўлетку не толькі ўдосталь спажыць “жывых” вітамінаў, але і дастаткова нарыхтаваць садавіны і агародніны, каб быць з вітамінамі і ў зімовы перыяд. Ды і для нарыхтоўшчыкаў райспажыўтаварыства час, калі на агародах і ў садах паспявае ўраджай, вельмі напружаны і адказны, бо гэта экзамен на прадпрымальнасць.
З пытаннем, наколькі будуць забяспечаны сёлета браслаўчане садавінай і агароднінай, звярнулася да начальніка аддзела нарыхтовак і знешнеэканамічнай дзейнасці райпа Леагіны Стрышко.
— Сёлета для закупак сельскагаспадарчай прадукцыі ў насельніцтва, — паведаміла Леагіна Іванаўна, — была адкрыта крэдытная лінія на суму 1,5 млр. рублёў. На пачатак кастрычніка ўсе сродкі ўжо асвоены. Але гэта не значыць, што з нарыхтоўшчыкамі на дадзены момант няма чым разлічвацца.
На сённяшні дзень у “скарбонцы” прадпрыемства захоўваецца 140 т бульбы, якая паступае не толькі ад сельгаспрадпрыемстваў і насельніцтва нашага раёна. Дагаворы аб пастаўках “другога хлеба” беларусаў заключаны з насельніцтвам і фермерскімі гаспадаркамі Віцебскай і Брэсцкай абласцей, і дастаўка яго будзе здзяйсняцца на працягу ўсяго міжсезоннага перыяду па памеры неабходнасці.
Не забыліся работнікі аддзела нарыхтовак, зазначыла Л. Стрышко, і пра іншую агародніну. Так, у сховішча райпа закладзена 40т капусты, 35т буракоў і 50т цыбулі. Зараз ідзе актыўны закуп яблыкаў ад насельніцтва ўсёй вобласці.
Паклапаціліся нарыхтоўшчыкі райпа і пра аматараў салёненькага. У відзаўскім квашачна-засолачным пункце майстрыха па засолках Яўгенія Якушонак засаліла 14т агуркоў і 3т зялёных памідораў, замачыла 3т антонаўкі. На дадзены момант ідзе працэс закваскі капусты. Перапрацаваць трэба 15т, палова з іх ужо закладзена ў бочкі. Усе гэтыя прысмакі ў жыхароў раёна карыстаюцца асаблівай папулярнасцю, як гаворыцца, ідуць на ўра.
А дзякуючы браслаўскім грыбнікам, нарыхтавана больш за 2т грыбоў, у асноўным гэта лісічкі. Усе яны таксама засолены.
А вось чарніц, адзначыла Леангіна Іванаўна, ў гэтым годзе нарыхтавалі даволі мала. Замарожана ўсяго 300кг гэтай лясной ягады. Яшчэ працягваецца закуп журавін.
На раённым кірмашы райпа рэалізавала каля 10т капусты, 6т бульбы, 1,5т буракоў і 2т цыбулі. Астатнія нарыхтоўкі будуць паступаць у магазіны райспажыўтаварыства на працягу ўсяго міжсезоннага перыяду.
— Леангіна Іванаўна, многіх спажыўцоў хвалюе якасць прадукцыі, дакладней, утрыманне нітратаў у бульбе і агародніне.
— Наконт гэтага магу сказаць толькі адно: уся прадукцыя, якую мы прымаем, абавязкова правяраецца на нітраты і радыенукліды ва ўласнай лабараторыі нашага аддзела. Я хачу вас запэўніць, што ніводнага кілаграма прадукцыі з перавышэннем утрымання шкодных рэчываў у свае сховішчы не закладзём. Мы зацікаўлены, каб захаваць бульбу, моркву, буракі да лета, а для гэта ў нас створаны ўсе належныя ўмовы.

Алена Пятушка.