Найважней – жорсткая дысцыпліна

Главное

Адзінае пытанне, вынесенае на парадак дня апошняга пасяджэння райвыканкама, тычылася выканання параметраў сацыяльна – эканамічнага развіцця і бюджэту раёна за 9 месяцаў года.
Таму на яго былі запрошаны практычна ўсе кіраўнікі арганізацый і старшыні сельвыканкамаў.
Па выніках работы за 9 месяцаў у раёне выкананы толькі 5 паказчыкаў сацыяльна – эканамічнага развіцця з 24: тэмп росту экспарту тавараў у цэлым па рэгіёне, у тым ліку без рэспубліканскіх арганізацый, забяспечана станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі ў цэлым па раёне, а таксама станоўчае сальда знешняга гандлю паслугамі ў цэлым па рэгіёне і без уліку рэспубліканскіх арганізацый.
Як адзначыў, адкрываючы пасяджэнне, першы намеснік старшыні райвыканкама Максім Чагарын, вынікі далёка не радасныя, таму неабходна абмеркаваць, што магчыма зрабіць, каб паправіць сітуацыю да канца года і закласці аснову на будучы год.
Вынікі работы арганізацый раёна прааналізавала намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Высоцкая. У прыватнасці, яна паведаміла, што прамысловыя прадпрыемствы за 9 месяцаў вырабілі прамысловай прадукцыі на 84,2 млрд. руб., што склала толькі 101,6% да ўзроўню мінулага года ў бягучых цэнах. Тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў 86,4%. Заданне па вытворчасці тавараў у натуральным выяўленні не забяспечыла ні адно прамысловае прадпрыемства, а па рэалізацыі інавацыйнай прадукцыі заданне выканаў толькі хлебазавод. Перавышаюць заданне і запасы гатовай прадукцыі.
За студзень-верасень тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 84,4%. Ні адна з сельгасарганізацый не выканала заданне і не дасягнула ўзроўню вытворчасці 2013 года.
Толькі 80% да ўзроўню мінулага года накіравана інвестыцый на развіццё эканомікі.
Валянціна Высоцкая адзначыла, што якаснае паляпшэнне вытворчага патэнцыялу патрабуе мадэрнізацыі прадпрыемстваў. Але значнае адставанне ад графіка мадэрнізацыі склалася па філіяле «Браслаўрыба», рэканструкцыя вытворчай зоны торфабрыкетнага завода перанесена на 2015 год, пачатая мадэрнізацыя 11 малочнатаварных ферм сёлета амаль не працягвалася. Не выконваюцца і паказчыкі эфектыўнасці мадэрнізацыі.
За студзень-ліпень па раёне чысты прыбытак склаў 9596 млн. руб., але 11 арганізацый спрацавалі стратна, 14 прадпрыемстваў дапусцілі адмоўную рэнтабельнасць продажу. Не паляпшаецца і сітуацыя з разлікамі.
Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Раіса Каросцік далажыла пра вынікі выканання бюджэту за 9 месяцаў, зазначыла, што ён выкананы з прафіцытам, як таго і патрабуюць нормы бюджэтнага заканадаўства. А карыстаючыся тым, што ў рабоце пасяджэння прымаў удзел намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пракаповіч, звярнула яго ўвагу, што ў 2010 г. раёнам быў распрацаваны праект дзяржаўнай праграмы развіцця турызму і адпачынку ў Браслаўскім рэгіёне на 2011-2015 гг. Але праграма так і не прынята.
Некалькі кіраўнікоў з розных галін эканомікі выступілі са справаздачай пра работу падначаленых прадпрыемстваў.
А рысу размовы падвёў намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пракаповіч. Ён нездавальняюча ацаніў работу мясцовых арганізацый. «У гэтай пяцігодцы вы мінусуеце па ўсіх галінах», – сказаў Пётр Пракаповіч. Таму даў даручэнне стварыць рабочыя групы, каб намеціць канкрэтную праграму мер па выпраўленні сітуацыі.
Віцэ-прэм’ер адзначыў, што ў браслаўчан няма ніякіх падстаў, каб працаваць горш, чым у іншых падобных рэгіёнах. Каб эканоміка працавала рэнтабельна, на ўсіх прадпрыемствах, на ўсіх узроўнях трэба забяспечыць жорсткую працоўную і тэхналагічную дысцыпліну на кожным працоўным месцы. Тады і будзе вынік. «Усё ў вашых руках,» – сказаў Пётр Пракаповіч.

Казімір Пятушка.