“Жыццё пражыць — не поле перайсці,” — сцвярджае народная мудрасць. І гэта трывалае перакананне многіх людзей, якім лёс спаслаў шмат выпрабаванняў.
Нялёгкай была жыццёвая дарога і Ганны Ванага з Богіна. Год яе нараджэння супаў з пачаткам страшнай крывавай трагедыі нашага народа — вайны. І ледзяны подых смерці неаднойчы праносіўся над безабаронным немаўляці.
Безумоўна, сама Ганна Уладзіміраўна не памятае, як бацькі двое сутак з дзіцём на руках хаваліся ў гіблым балоце, каб пазбегнуць жудаснага лёсу жыхароў Забалоцішак і не згарэць жывымі ў хляве.
А вось выратавацца ад нямецкага палону сям’і не ўдалося. Па дарозе ў нянавісную Нямеччыну галодная і знясіленая Гануля моцна плакала. Гэты енк вельмі раздражняў аднаго з наглядчыкаў, і ён загадаў маці выкінуць дзіця з вагона цягніка. Гаротная жанчына кінулася ў ногі душагубу, каб абараніць сваю крывінку. На шчасце, другі немец зжаліўся над звар’яцелай ад жаху маці і дазволіў пакінуць дзяўчынку.
Амаль чатыры доўгія і цяжкія гады Ганна, акрамя няўтульнага халоднага барака, пакутлівых і стомленых вачэй сваіх бацькоў ды варанай рэпы, нічога не бачыла.
І толькі ў пераможным 45-м сям’я выправілася ў зваротную дарогу. Радасным ды адначасова складаным і небяспечным быў шлях дадому. Дзяўчынка захварэла на адзёр. Яе трэсла ад тэмпературы, яна часта губляла прытомнасць. А як жа бацькам было цяжка бачыць пакуты свайго дзіцяці! І зноў дапамог выпадак. У Берліне немка дала маці нейкіх лячэбных зёлак, ад адвару якіх хворая пачала папраўляцца.
Замест роднай хаты вымушаных падарожнікаў чакала спаленае котлішча. Прытуліла бедакоў родная сястра маці.
Але, напэўна, Ганна не асушыла сваю чашу цярпення да дна, і на небе вырашылі далей выпрабаваць дзяўчыну на трываласць.
Перажытыя нягоды і беды дрэнна сказаліся на здароўі маці. І ў пяць гадоў гераіня майго артыкула засталася без самага блізкага чалавека на свеце. Увесь клопат пра дачку ўзяў на сябе бацька.
— Жылі бедна, — успамінае дзіцячыя гады Г.Ванага. — Калі пайшла ў першы клас, бацька збіў з дошачак скрыначку, і ў ёй насіла сшыткі і кнігі.
А ў зімку гэты “незвычайны ранец” служыў яшчэ і саначкамі. Пакатаецца першакласніца некалькі разоў на іх — дадому прынясе толькі трэсачкі. Бацьку на цэлы вечар работы. У другім класе для школьніцы набылі сумку з брызенту. Колькі было радасці!
Дзесяць гадоў споўнілася Ганне, калі бацька ажаніўся ў другі раз. Жыць перайшлі да мачахі. На жаль, яна не замяніла дзяўчынцы маці. Ды і зусім не імкнулася да гэтага. Так што Ганне Уладзіміраўне ў поўнай меры давялося адчуць на сабе значэнне выразу жыць пры мачысе.
У дванаццаць гадоў імкненне стаць незалежнай ад чужога нядобрага чалавека падштурхнула гаротніцу ўладкавацца на працу. Так у юнай калгасніцы з’явіўся першы і адзіны запіс у працоўнай кніжцы. Нават цяжка ўявіць, як маленькай худзенькай дзяўчынцы даводзілася раніцай і вечарам у прыцемках, ды яшчэ і абедам у любое надвор’е бегаць на ферму, перамагаючы сон, стомленасць, ламоту і боль у суставах. Гэта колькі ж малака надаіла Г. Ванага за сваё працоўнае жыццё! Да каровак сваіх даярка адносілася з пяшчотай. А каб надоі былі большымі, не ленавалася іншы раз дастаць для рагуль з сянажнай ямы лішні ахапак.
Таму не дзіва, што амаль за кожны працоўны год Ганна Уладзіміраўна мае граматы і ўдзячнасці.
Ішлі гады, дзяўчынка сталела і аднаго разу на вечарынцы сустрэла хлопца, які запаў у душу і завалодаў сэрцам Ганулі. Свайго Івана яна чакала з арміі доўгія тры гады. Потым ажаніліся, нарадзілі і выгадавалі трох дзетак. Час няўмольна павялічваў свой крок. І вось ужо шэсць унукаў і адзін праўнук напаўняюць гасцінны дом бабулі і дзядулі шчаслівымі галасамі.
Не адно жыццёвае поле прайшла Ганна Уладзіміраўна. Зведала яна і моцныя вятры, і завірухі, і страты. Але адолела, выстаяла ўсім смярцям на злосць. І сёння радуецца кожнаму новаму дню, з усмешкай успамінае свае пражытыя цяжкія гады і ні пра што не шкадуе. З задавальненнем стварае свае кулінарныя шэдэўры. І без яе смачных пірагоў, булак не праходзіць ні адно свята на ў хаце, ні ў вёсцы. Яшчэ Ганна Уладзіміраўна актыўная ўдзельніца аматарскага аб’яднання “Богінскія весялухі”. А якія пацешныя прыпеўкі пра свой край і яго людзей складае гэтая аптымістычная, жыццярадасная жанчына!
Алена Пятушка.
Фота аўтара.