Пра праект, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам This project is funded by the European Union, наша газета пісала неаднойчы. Напомню толькі чытачам, што стартаваў ён у лістападзе мінулага года. Закончыцца, па ўсіх меркаваннях, у снежні бягучага.
Праект ставіць сваёй мэтай стварэнне ўмоў для даступнасці пярвічнага медыцынскага абслугоўвання на тэрыторыі Даўгаўпілскага краю і Браслаўскага раёна.
Нядаўна ў чарговы раз удзельнікі праекта, а гэта кіраўнікі валасцей з Даўгаўпілскага краю, амбулаторый, урачы агульнай практыкі ў чарговы раз наведалі наш раён.
Бэчманрк –семінар праходзіў пад скарочанай назвай “Трансгранічны пацыент”. У час гэтага афіцыйнага мерапрыемства старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, старшыня райсавета Ніна Пучынская, выканаўчы дырэктар самакіравання Даўгаўпілскага краю Ванда Кезіка адзначалі, што для суседзяў граніцы не існуюць, і сёння як беларусы, так і латышы зацікаўлены ў пастаянным супрацоўніцтве ў розных сферах. Асабліва, гэта адназначна, датычыць медыцынскай дапамогі.
Як падкрэсліла Ніна Пучынская, для мясцовай улады абодвух краін пытанні жыццядзейнасці мясцовага насельніцтва павінны стаяць на першым месцы.
З аднаго боку, семінар праходзіў у цёплай сяброўскай атмасферы. А з другога, калегі краін-суседак імкнуліся даведацца, як каму працуецца, хто якую атрымлівае заработную плату, якія ўмовы створаны для пацыентаў і г.д.
Што датычыць праекта, то хачу падкрэсліць той факт, што з нашага беларускага боку, на жаль, у яго ўвайшоў толькі адзін аб’ект – Цэнтральная раённая бальніца, а з латышскга боку – 11 фельчарпунктаў.
Безумоўна, як сказаў на семінары галоўны ўрач ЦРБ Аляксандр Макарэвіч, браслаўскія ўрачы і медыкі іншых устаноў аховы здароўя нашага раёна не адмовяць у экстранай дапамозе ніводнаму замежнаму грамадзяніну, бо сёння гэта прапісана ў заканадаўстве нашай краіны. Аднак Аляксандр Уладзіміравіч падкрэсліў, што менавіта планавае лячэнне, пры патрэбнасці, будзе ажыццяўляцца толькі на платнай аснове і пры прымальных цэнах. Ён агучыў цэны на такія паслугі ЦРБ, якія прыемна здзівілі нашых суседзяў і партнёраў па праекце.
Пра працэс мадэрнізацыі і інфарматызацыі ў ЦРБ расказаў намеснік галоўнага ўрача Яўген Матусевіч. Нават ужо ў рамках праекта зроблена нямала. Куплены 29 камп’ютараў з перыферыйнымі прыстасаваннямі і мэбля да іх, праведзена адаптацыя рабочых месцаў з устаноўкай аўтаматызаваных праграм, створана лакальная кам’ютарная сетка паліклінікі. Праўда, на завяршаючай стадыі адзін з дорагакаштуючых этапаў – добраўпарадкаванне тэрыторыі паліклінікі і стварэнне безбар’ернага асяроддзя для пацыентаў.
Госці з Латвіі пазнаёміліся з ходам рэалізацыі праекта ў паліклініцы, наведалі таксама Опсаўскую ўрачэбную амбулаторыю. Пачуць пашчасціла толькі прыемныя водгукі.
Праект не закончаны. І, дарэчы, кіраўніцтва Даўгаўпілскага краю выказвала надзею, што гэты праект хоць і першы, але ён не павінен стаць апошнім у супрацоўніцтве нашых суседніх раёнаў і самакіраванняў.
Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.