Дапамагаюць стаць на правільны шлях

Главное

Дапамагаюць стаць на правільны шляхНе раз на выніковых пасяджэннях раённага аддзела ўнутраных спраў работа крымінальна-выканаўчай інспекцыі была адзначана як станоўчая, а ў адрас калектыву гучалі словы падзякі. Стабільна ў ліку лепшых інспекцыя і ў вобласці, а імя яе начальніка Анатоля Пабяржына, занесена на дошку гонару аддзела наглядна-выканаўчай дзейнасці УУС Віцебскага аблвыканкама. Праз некалькі дзён, 29 жніўня, крымінальна-выканаўчая інспекцыя раёна будзе адзначаць чарговы дзень свайго заснавання.

— Работа тут сапраўды спецыфічная, напружаная і неспакойная, — з гэтых слоў пачынаецца наша гутарка з Анатолем Пабяржыным. — Крымінальна-выканаўчая інспекцыя — гэта служба, на якую ўскладзены абавязкі кантролю за асобамі, што маюць судзімасць. Мы займаемся выканнем прыгавораў суда, якія ўступілі ў законную сілу, у выглядзе папраўчых і грамадскіх работ, абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Ажыццяўляем прафілактычную работу з умоўна асуджанымі асобамі, якія знаходзяцца пад прэвентыўным наглядам і ў якіх не знята судзімасць і іншае. Асобным радком стаіць работа з тымі, хто вызваліўся з месц пазбаўлення волі. Ні для каго не сакрэт, што аднойчы стаўшы на слізкі шлях злачынства, вярнуцца да нармальнага жыцця можна, толькі прыклаўшы намаганні. Таму інспекцыя кантралюе такіх людзей і імкнецца ўсяляк перашкаджаць здзяйсненню правапарушэнняў у далейшым.

У большасці сваёй кантынгент, з якім даводзіцца працаваць, даволі складаны. Рэдка трапляюцца тыя, хто ўчыніў злачынства ў першы і апошні раз. Большасць знаходзяцца на ўліку па два, тры, а то і больш разоў. Увогуле ж за 7 месяцаў праз інспекцыю прайшлі 305 асуджаных і асоб, якія маюць судзімасць. Зараз тут на ўліку стаяць 235 чалавек. Кожнага з гэтых людзей, якія аднойчы пераступілі мяжу закона, патрэбна накіраваць на правільны шлях, правесці прафілактычную работу, пракантраляваць месцазнаходжанне (у тым ліку і ўначы), падтрымаць, а часам і проста знайсці, бо не ўсе раней асуджаныя горача імкнуцца да цеснага кантакту з праваахоўнымі органамі. Зносіны з такімі асобамі патрабуюць асаблівага падыходу, трэба знайсці агульную мову з кожным з іх. Умела робяць гэта тры супрацоўнікі інспекцыі, сярод якіх і прадстаўніца прыгожай паловы.

Добрым вынікам садзейнічае ўдалы падбор кадраў у крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Так, А. Пабяржын кіруе інспекцыяй з 2010 года, да гэтага з 1996 года працаваў у РАУС на розных пасадах, меў багаты вопыт і не раз быў адзначаны кіраўніцтвам. А ў 2013 годзе ў яго калектыў уліліся два маладыя супрацоўнікі — інспектары Аляксандр Канстанціновіч і Паліна Акуліч. Яны ў міліцыі людзі не новыя, разумеюць спецыфіку працы, кожны з іх адказвае за свой накірунак работы і спраўляецца з ім выдатна. Пра гэта сведчаць і тыя шматлікія дыпломы, падзячныя лісты і граматы райвыканкама, УУС і аддзела, якія красуюцца ў кабінеце інспекцыі. Многія з іх уручаны Анатолю Пабяржыну за самаадданую працу. У 2010 г. ён прызнаваўся лепшым па прафесіі ў раёне, а ў 2012 — ва ўпраўленні ўнутраных спраў.

Сярод асноўных накірункаў дзейнасці — прафілактычная работа з тымі, хто вызваліўся з месц пазбаўлення волі. У інспекцыі стараюцца не пакінуць такіх людзей сам-насам з бядой, а зрабіць так, каб чалавек бачыў, што яму ідуць на дапамогу. З працаўладкаваннем дапамагае раённая служба занятасці, арганізацыі ідуць насустрач і па магчымасці выдзяляюць жыллё. Вызваленыя з месц пазбаўлення волі асобы таксама могуць звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва для атрымання псіхалагічнай, юрыдычнай, гуманітарнай дапамогі. Апошнюю аказвае і раённае таварыства Чырвонага Крыжа, прадстаўнікі рэлігійных канфесій.

— Пасля пастаноўкі на ўлік у залежнасці ад асобы раней судзімага, мы ажыццяўляем за ім прафілактычны нагляд, — расказвае А. Пабяржын. — Тых, хто злоўжывае спіртнымі напіткамі, папярэджваем, што могуць быць накіраваны ў ЛПП. Мы ведаем тых, хто не працуе, пастаянна выклікаем іх для гутарак. Разумеем, што калі чалавек не мае афіцыйных сродкаў для існавання, то гэта можа падштурхнуць яго да ўчынення злачынства.

Такая прафілактыка дае станоўчыя вынікі, што, безумоўна, сказваецца на стане рэцыдыўнай злачыннасці, якая застаецца адной з самых нізкіх у вобласці. Ёсць у інспекцыі і прыклады, калі людзі апускаліся на самае “дно”, але потым змаглі сябе ўзяць у рукі, бачылі, што ім дапамагаюць, і станавіліся на шлях выпраўлення. Казалі “дзякуй” за тое, што не дазволілі ім апусціцца, дапамаглі рэабілітавацца ў грамадстве, што стала стымулам для наладжвання нармальных паводзін. І гэта самая лепшая адзнака для супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.