Фельчар на вёсцы — і медык, і псіхолаг

Люди

IMG_1283 (Small)Загадчыца Падрукшанскага ФАПа Антаніна Мікуцкая пра здароўе кожнага з жыхароў гэтай і яшчэ 12 навакольных вёсак, якія абслугоўвае, ведае ўсё. І не выпадкова, бо займае такую адказную пасаду ўжо 24 гады. Ды і людзі прывыклі да доктара і давяраюць ёй не толькі сваё здароўе, але думкі і праблемы.
Самі мясцовыя жыхары не раз тэлефанавалі і дасылалі ў рэдакцыю пісьмы з удзячнасцямі і просьбамі напісаць “пра нашу Тонечку”. Менавіта так ласкава яны клічуць фельчара.
Завітаўшы на Падрукшанскі ФАП, была здзіўлена колькасцю наведвальнікаў. Амаль тры гадзіны дня, а тых, хто жадае трапіць на прыём да Антаніны Зянонаўны, поўны пакой. Цікава было паназіраць за работай фельчара. Ветліва і цярпліва яна слухала пра праблемы са здароўем і потым падрабязна расказвала пра лячэнне. І, як мне падалося, ужо ад адной толькі прыемнай усмешкі фельчара хворым станавілася лепей.
— Скажу шчыра: гэта вялікае шчасце для мяне — пакидаць пацыента з пачуццем, што ты дапамагла, супакоіла, вылячыла, — дзеліцца Антаніна Мікуцкая. — Часам бывала так складана, што думала не вытрымаю. Але за ўвесь час маёй працы я ні разу не пашкадвала, што абрала такі шлях.
Стаць медыкам Антаніна марыла, як кажуць, з дзяцінства. У старэйшых класах канчаткова вызначылася з прафесіяй. Шмат пра такую складаную, але цікавую прафесію расказвала і старэйшая сястра, якая ў той час ужо працавала па спецыяльнасці. Скончыўшы Даўгаўпілскі медыцынскі каледж, жанчына пачала свой працоўны стаж у адной з бальніц гэтага горада. Магчыма, так бы і засталася на чужой зямлі, але наступіў складаны 1990 год, і разам з мужам яны вырашылі вярнуцца ў родную в. Падрукшу.
Пачынаць на новым месцы было складана. У даўгаўпілскай бальніцы А. Мікуцкая была асістэнтам урача, а тут даводзілася самой вызначаць, што за хвароба, прыпісваць лекі. Тады ў яе зоне абслугоўвання было амаль 400 чалавек, зараз засталося крыху больш за 240. У асноўным гэта пенсіянеры, а дзяцей да 14 гадоў толькі 24. Гэта не можа не засмучаць фельчара, як і тое, што многія, проста кажучы, співаюцца.
Сумна жанчыне глядзець на такіх людзей, таму асноўная прафілактычная работа ФАПа накіравана на барацьбу з алкагалізмам. Антаніна Зянонаўна адных угаворвае прайсці курс лячэння, другім прыводзіць страшныя прыклады. І, трэба зазначыць, ёсць тыя, хто паслухаўся і стаў на шлях выпраўлення.
За дзень фельчар паспявае прыняць 5-6 пацыентаў на ФАПе, і дома наведаць столькі ж. Яна заўседы побач — ціск памерае, укол зробіць, і лекі прынясе тым, у каго няма сіл дайсці да ФАПа. І ў кожнага свае балячкі, праблемы, якімі так хочацца падзяліцца са спагадлівым, заўседы гатовым выслухаць фельчарам.
Менавіта гэта стала падставай для таго, што з сакавіка Антаніна Мікуцкая прызначана дэпутатам мясцовага Савета па Падрукшанскай выбарчай акрузе. Зараз з усімі праблемамі і спрэчнымі пытаннямі жыхары звяртаюцца да жанчыны. І яна стараецца хутчэй ім дапамагчы.
— Вельмі часта, асабліва гэта датычыцца пажылых людзей, пацыенты пачынаюць размову не са скаргаў на здароўе, а з расказа пра тое, як ім жывецца, — раскрывае нюансы сваёй работы Антаніна Мікуцкая. — Таму фельчар вясковага ФАПа — гэта не толькі медработнік, а яшчэ і псіхолаг, гатовы даць параду ў многіх жыццёвых сітуацыях.
Жанчына прызнаецца, што не можа прайсці міма чужой бяды, болю. Напэўна, таму Таццяна Зянонаўна і карыстаецца асаблівым аўтарытэтам у вяскоўцаў.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.