Гонар настаўніка — яго каманда

Новости

IMG_1414 (Medium)Не сакрэт, што сёння ўсё цяжэй заахвоціць дзяцей да сістэматычных заняткаў фізічнай культурай і спортам. А між тым усім добра вядома, што інтэлектуальныя нагрузкі на дзяцей і падлеткаў павялічваюцца і патрабуюць рухальнай актыўнасці. Таму ў гімназіі надаецца вялікая ўвага фізкультурна-спартыўная рабоце, якая дазваляе арганічна вырашаць аздараўленчыя, вучэбныя і выхаваўчыя задачы. І, безумоўна, асноўнае месца ў гэтым працэсе адводзіцца настаўніку фізічнай культуры.
Амаль 10 гадоў на ахове здароўя і спартыўных інтарэсаў гімназістаў стаіць творчы, адказны, педагог Аляксандр Пуйша. Прыхільнік актыўнага і здаровага ладу жыцця, ён імкнецца перадаць сваё захапленне спортам і навучэнцам. Цікавыя разнастайныя метады работы Аляксандра Уладзіслававіча заўсёды прыцягваюць вучняў на заняткі, а дзіцячыя галасы ў спартыўнай зале не змаўкаюць да позняга вечара, што сведчыць пра самаадданасць настаўніка сваёй рабоце. Ды і шматлікім выпускнікам А. Пуйшы добрая фізічная падрыхтоўка дапамагае пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ваеннага профілю і МНС.
Але нішто так красамоўна не гаворыць пра работу педагога, як дасягненні яго вучняў. І трэба адзначыць, што Аляксандру Уладзіслававічу ёсць чым ганарыцца: гімназічная каманда дзяўчат па баскетболе неаднаразова станавілася прызёрам абласных спаборніцтваў.
Баскетболам будучы настаўнік займаўся яшчэ ў Даўгаўпілскім педінстытуце, дзе вучыўся. Таму ўсю сваю працоўную дзейнасць стараўся заахвоціць вучняў да гэтай дынамічнай гульні. Безумоўна, тэхнічна-матэрыяльная база гімназіі і большы выбар спартсменаў дазволілі ўкамплектаваць тры саставы каманды — малодшую, сярэднюю і старэйшую.
Але, як кажуць, гэта паўсправы. Галоўнае, зрабіць так, каб дзяўчаты «захварэлі» гульнёй і праз месяц — другі не пакінулі каманду.
— У пятым класе, — дзеліцца «рэцэптам» поспеху А. Пуйша, — у першую чаргу трэба навучыць элементам тэхнікі гульні ў баскетбол. Потым, калі пачынае атрымлівацца, з’яўляецца і зацікаўленасць.
Немалаважны і той факт, што дзеці заўсёды цягнуцца за лідарам, таму поспехі старэйшай групы з’яўляюцца добрым стымулам для астатніх. Да таго ж уласны прыклад, парады аўтарытэтнага трэнера ўсяляюць у дзяўчат упэўненасць у перамогу, а значыць, і жаданне займацца баскетболам.
Адчуваючы свой дастаткова высокі ўзровень падрыхтоўкі, падтрымку былых дырэктара гімназіі Н. Андрук і метадыста аддзела адукацыі І. Угарэнкі, шэсць гадоў таму назад каманда дзяўчынак адважылася паспрабаваць свае сілы на абласных спаборніцтвах па баскетболе. І з першай спробы, як кажуць, «трапілі ў дзясятку»: падняліся на першую прыступку п’едэстала пераможцаў. Безумоўна, гэта быў трыумф, які толькі падагрэў зацікаўленасць і жаданне дзяўчат удасканальваць свае тэхнічныя навыкі гульні.
Акрыленыя поспехам юныя баскетбалісткі перадалі малодшым групам запал і імкненне да перамогі. І вось ўжо чацвёртае пакаленне гімназістак не здае заваяваныя пазіцыі сваіх папярэднікаў і шэсць гадоў запар у ліку прызёраў.
Для ўдасканальвання межаў не існуе, таму А. Пуйша разам са сваімі падапечнымі замахнуліся на карфбол. А станоўчыя водгукі наконт тэхнікі іх гульні старшыні Федэрацыі карфбола Беларусі Сяргея Аляксеева, які праводзіў у гімназіі майстар-клас, падштурхнулі трэнера і дзяўчат прыняць прапанову ўдзельнічаць у 2010 г. у Кубку Рэспублікі Беларусь па карфболе. Зноў каманда ўпэўнена заявіла пра сябе і заняла ў гэтых прэстыжных спаборніцтвах другое месца. Захапляліся гульнёй браслаўскіх баскетбалістак і ў латвійскім горадзе Кекава падчас міжнароднага фестывалю, дзе дзяўчаты, дзякуючы дапамозе арганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна, былі апрануты ў спецыяльную спартыўную форму.
Безумоўна, такія высокія вынікі — гэта упартая праца, настойлівасць, цярпенне і няспынныя трэніроўкі. Але, як сказала Насця Ракіцкая, член старэйшай каманды, спорт прывучыў іх быць адказнымі, дысцыплінаванымі, мэтанакіраванымі, што вельмі дапамагае і ў вучобе, і ў жыцці.
А на маё пытанне, якія ў дзяўчат адносіны з трэнерам, адна з іх адказала: «Ён для нас сапраўдны сябра». Здаецца, лепшай пахвалы настаўніку і не трэба.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.