Каб ведаць, куды ісці

Главное

IMG_0869 (Small)У рамках Майстэрні ўстойлівага развіцця ў сераду , 12 сакавіка, на базе райвыканкама і пры падтрымцы Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Йаханеса Рау і Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі прайшоў семінар-дыскусія па дапрацоўцы канцэпцыі ўстойлівага развіцця Браслаўскага раёна. На яго спецыяльна запрасілі эксперта – кандыдата эканамічных навук з Мінска Алега Сівагракава, які заслужана лічыцца адным з лепшых у краіне спецыялістам па пытаннях устойлівага развіцця і пад рэдакцыяй якога ўжо распрацавана больш за 20 адпаведных стратэгій. Вучоны азнаёміўся з СУР Браслаўскага раёна раней і цяпер выступаў у ролі мадэратара сустрэчы, на якой прысутнічалі члены рабочай групы, прадстаўнікі раённай улады і зацікаўленыя службовыя асобы.
Адкрыла пасяджэнне старшыня раённай арганізацыі «Еўрарэгіён “Азёрны край”» Юлія Герцава, яка пазнаёміла прысутных з ужо пройдзенымі этапамі работы. Алег Сівагракаў заўважыў, што тэма ўстойлівага развіцця набірае папулярнасць. Ва ўсім свеце колькасць праблем нарастае. Аднак негатыўных наступстваў уздзеяння чалавека на прыроду можна пазбегнуць, калі змяніць стаўленне да прыродакарыстання. Нагадаю, што ўстойлівае развіццё мае на ўвазе такія формы і падыходы да гаспадарання, пры якіх не ставіцца пад пагрозу камфортнае існаванне будучых пакаленняў. Эксперт жа прывёў прыклад з Бібліі. Вядома, у часы яе стварэння пытанне наконт захавання навакольнага асяроддзя востра не стаяла. Між тым адзін з агульнавядомых запаветаў гучыць як “не ўкрадзі”. Таму, крыху паразважаўшы, можна сфармуляваць сутнасць УР як “не ўкрадзі будучыню ў сваіх дзяцей”.
А. Сівагракаў адзначыў, што ўстойлівае развіццё, акрамя іншага, з’яўляецца добрым інструментам для прыцягнення інвестыцый і базіруецца яно на некалькіх галоўных прынцыпах, такіх як арыентацыя на вобраз жаданай будучыні, улік экалагічных абмежаванняў, комплекснае развіццё эканомікі, прыроды і людзей, шырокае выкарыстанне мясцовых рэсурсаў, партнёрства. На Браслаўшчыне ёсць усе неабходныя састаўныя часткі для поспеху. Да таго ж мы маем некаторыя адметныя рысы: выдатныя прыродныя ўмовы, аўтэнтычныя святы і многія іншыя рэчы, якіх нідзе болей няма.
У сваім выступленні эксперт прааналізаваў праект стратэгіі ўстойлівага развіцця нашага раёна, адзначыў яе моцныя бакі і ўказаў на слабыя, над якімі яшчэ варта папрацаваць. Апошняе было прапанавана зрабіць прама на пасяджэнні. Кожны з яго ўдзельнікаў індывідуальна вызначыў некалькі прыярытэтных накірункаў, рэалізацыя якіх дазволіла б Браслаўшчыне больш упэўнена адчуваць сябе ў будучым. Затым была работа ў парах, потым – у групах. І на кожным этапе падчас дыскусій адны меркаванні і прапановы адсейвалася, а іншыя, наадварот, знаходзілі ўсё большую падтрымку. У выніку ўдзельнікі семінара выпрацавалі шэсць накірункаў, якія лягуць у аснову канцэпцыі УР рэгіёну. Гэта развіццё сярэдняга і малога бізнесу; экалогія і ахова навакольнага асяроддзя; турызм; захаванне гісторыка-культурнай спадчыны; добраўпарадкаванне і развіццё інфраструктуры; дзейсная маладзёжная палітыка.
Такім чынам, стратэгія ўстойлівага развіцця Браслаўскага раёна дапрацавана і хутка пройдзе працэс зацвярджэння. Пасля гэтага дакумент павінен стаць своеасаблівым арыенцірам, якім будуць кіравацца пры прыняцці тых ці іншых рашэнняў.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.IMG_0872 (Small) IMG_0875 (Small)