Конкурс закаханых пар

Новости

ааУ дзень усіх закаханых, 14 лютага, ў зале раённага Дома культуры, як заўсёды, быў аншлаг. Браслаўчанам даўно палюбіліся шоу-праграмы, якія на даволі высокім узроўні ладзяць работнікі культуры, таму шмат аматараў такога роду мерапрыемстваў у гэты вечар прыйшлі на прэм’еру конкурсу “Я – гэта ты, ты – гэта я”.
Для гледачоў гэта быў новы від праграмы, у якой удзельнічалі закаханыя пары. Яны на працягу конкурсаў павінны былі паказаць свае пачуцці, таленты, даказаць журы і гледачам, што менавіта яны дастойны тытула “Самай лепшай закаханай пары”. Для культработнікаў, падобнае мерапрыемства таксама аказалася ў навінку. Тым больш, што сцэнарый пісаў малады работнік РДК Улад Мацеша, які вучыцца яшчэ толькі на першым курсе інстытута культуры. Не скажу, што яго дэбют у ролі рэжысёра і вядучага шоў-праграмы аказаўся кепскім, але нюансы падчас некаторых конкурсаў, усё ж былі якіх пры больш дасканалай падрыхтоўцы можна было б пазбегнуць.
У конкурснай праграме “Я – гэта ты, ты – гэта я” ўдзельнічалі чатыры пары: Павел Сырапятка і Анастасія Крукава, Дзмітрый Максімаў і Алена Пузырэўская, Яўген Пятровіч і Ганна Апанчонак, Алёна Карпацій і Дзмітрый Талмачоў. У першым конкурсе вядучы правяраў, наколькі добра канкурсанты ведаюць сваю другую палавінку. Удзельнікі па чарзе адказвалі на каверзныя пытанні Улада, а выйгравала пара, у якой атрымлівала больш супадзенняў. Ужо ў першым конкурсе лідзіравала пара Яўгена Пятровіча і Ганны Апанчонак.
У наступных конкурсах дзяўчаты і хлопцы дэманстравалі спартыўныя і інтэлектуальныя здольнасці, а самым яркім і запамінальным для гледачоў стаў “Творчы парыў”. Падчас яго маладыя людзі не проста спявалі папулярныя кампазіцыі, а іх нумары былі падрыхтаваны ў выглядзе кліпаў да песні.
Па завяршэнні конкурснай праграмы журы выбрала “Самую лепшую закаханую пару”, ёй сталі Яўген Пятровіч і Ганна Апанчонак. Усе астатнія атрымалі дыпломы ўдзельнікаў шоу-праграмы, але самыя цікавыя сюрпрызы іх чакалі пазней.
На гарадской плошчы члены РА БРСМ наладзілі акцыю, прысвечаную Дню ўсіх закаханых. Цэнтр плошчы яны вылажылі падпаленымі свечкамі ў выглядзе сэрца, і любая закаханая пара ці проста чалавек, які марыць знайсці сваю другую палавінку, мог падпаліць свечку і загадаць жаданне. А нашы канкурсанты пад апладысменты браслаўчан запускалі ў неба кітайскія ліхтарыкі.
Потым усе пары, якія прынялі ўдзел у шоў-праграме, атрымалі не зусім звычайны прыз ад раённага Дома культуры – рамантычную вячэру ў рэстаране “Азёрны”, дзе пазнаёміліся яшчэ бліжэй і добра правялі час.

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.