Прызванне хлопца – гісторыя

Главное

IMG_9624 (Medium)Дзевяцікласнік Дрысвяцкай сярэдняй школы Валянцін Любінскі сёлета вярнуўся з абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі з дыпломам другой ступені. Хлопец выступаў за 10 клас і пераўзышоў у гэтым інтэлектуальным спаборніцтве многіх старэйшых школьнікаў гімназій і школ Віцебскай вобласці. Ён вось ужо некалькі гадоў мэтанакіравана ідзе да перамогі, і сёлета яна як ніколі блізка.
Напрыканцы сакавіка В. Любінскі ў складзе каманды раёна адправіцца заваёўваць вышыні рэспубліканскага этапу алімпіяды. Ці пакарацца яны хлопцу, будзе бачна, але ён свядома і мэтанакіравана рухаецца наперад, упэўнены ў сабе і сваіх ведах па такім даволі складаным прадмеце як гісторыя.
А пачынаўся шлях да сур’ёзнага вывучэння прадмета са звычайнага дзіцячага захаплення цікавымі фактамі пра сусвет, падзеі і асоб. Настаўнікі заўважылі вучня, які цягнецца да ведаў і ў чацвёртым класе прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе “Мая радзіма Беларусь”. З таго часу Валянцін сур’ёзна захапіўся гісторыяй, чым больш даведваўся, тым больш узнікала жаданне вывучаць невядомае.
З 5 класа хлопчык пачаў спрабаваць свае сілы, і, трэба адзначыць, паспяхова ў алімпіядах па розных прадметах. Але вырашыў для сябе, што лепш ведаць адзін дакладна і сканцэнтраваўся на любімай гісторыі. Год за годам паказваў лепшыя ў параўнанні з мінулымі вынікі, станавіўся лідарам у раённых этапах і праходзіў на абласныя. Будучы васьмікласнікам, хлопец выступіў за дзясяты клас і спыніўся літаральна ў кроку ад перамогі.
— Увогуле, удзел у алімпіядах — гэта не толькі магчымасць праверыць свае веды, але і выдатны спосаб для самаразвіцця, — па даросламу разважае Валянцін. — Калі ёсць добрыя вынікі, можна павысіць сваю самаацэнку і стаць больш упэўненым, а калі нешта не атрымліваецца, гэта стымулюе працаваць над сабой яшчэ больш. Безумоўна, перамогі дастаюцца цяжка, але калі чалавек у гэтым зацікаўлены, то ўсё абавязкова атрымаецца. А яшчэ магчыма нічога б не атрымалася, калі б не мая настаўніца Аліцыя Тадэвушаўна Прахарэнка. Яна з 6 класа займаецца са мной гісторыяй, заўсёды падтрымлівае, хвалюецца і радуецца перамогам. Буду старацца не падвесці яе і на рэспубліканскім этапе.
Гісторыю Валянцін лічыць самым захапляльным, пазнавальным і ніколькі не складаным прадметам. Ён памятае ўсе даты, падзеі і гістарычныя факты, але больш за ўсё цікавіцца перыядам напалеонаўскіх войнаў і лёсамі кіраўнікоў дзяржаў. Хатнюю біблітэку хлопца складаюць энцыклапедыі, падручнікі і іншая літаратура па прадмеце. Бацькі ж ужо ведаюць, што лепшым падарункам да свята для хлопца становіцца кніга.
– Ужо ў пачатковай школе Валянцін зарэкамендаваў сябе як старанны вучань. Ён і зараз выдатна вучыцца, – расказвае Уладзімір Мінчанка, дырэктар Дрысвяцкай школы. – Увогуле ж заўсёды стараўся выконваць патрабаванні і рэкамендацыі настаўнікаў, адказна ставіўся да абавязкаў вучня. Хлопчык актыўны і ў школьным жыцці, ніколі не адмаўляецца паўдзельнічаць у конкурсах і мерапрыемствах. Ёсць у яго і яшчэ адна “пасада” – экскурсавод па школьным музеі.
Зараз увесь вольны час Валянцін праводзіць за кнігамі па гісторыі і адказна рыхтуецца да алімпіяды. Пра прафесійны шлях хлопец пакуль не загадвае. Але ў адным ён упэўнены цвёрда: веды па гісторыі заўсёды спатрэбяцца ў жыцці.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.