З радасным словам да праваслаўных

Главное

IMG_4062 (Medium)Па благаслаўленні архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія і ініцыятыве райвыканкама ў Браславе 22 студзеня пачала сваю дзейнасць праваслаўная выстаўка-кірмаш “Радасць Слова”.
Адкрыццё выставы пачалося з набажэнства, якое ўзначаліў протаіерэй Анатоль Іваноў, благачынны Браслаўскага благачыння, настаяцель Свята-Успенскага храма. Ён благаславіў удзельнікаў выстаўкі на добрую справу. Пасля айцец Анатоль пагутарыў з наведвальнікамі і прэсай, а таксама папоўніў сваю асабістую бібліятэку некалькімі кнігамі.
На выстаўцы-кірмашы “Радасць Слова” наведвальнікам прапанаваны шырокі выбар духоўна-маральнай, адукацыйнай і дзіцячай літаратуры, аўдыё-відэапрадукцыі, ікон, срэбраных крыжыкаў, ланцужкоў і пярсцёнкаў, імянных лыжачак і царкоўнага начыння. Упершыню ў г. Браславе прадстаўлены факсімільныя выданні кніжных шэдэўраў сярэднявечнай духоўнай культуры Беларусі: “Полацкае Евангелле” (першая кніга Беларусі ХII ст.); “Слуцкае Евангелле” (праваслаўная святыня Беларусі ХVI ст.); “Жыццё блажэннай ігуменні манастыра ў горадзе Полацку» (ХII ст.).
На пачатку кожнага дня выстаўку наведваюць дзеці з дзіцячых садкоў і малодшыя школьнікі, для якіх наладжаны прагляд анімацыйных гісторый са Старога Запавету.
Тыя, хто прыходзіць на адкрыццё ці заканчэнне працоўнага дня выстаўкі, атрымліваюць сюрпрыз ад арганізатараў – асалоду ад перазвону званоў.
У дзень адкрыцця выстаўкі-кірмашу адбылося яшчэ некалькі важных падзей. Браслаўшчыну наведаў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. Ён пабыў на выстаўцы, а потым разам з браслаўчанамі паслухаў канцэрт. Свята духоўных спеваў падарыў усім прысутным мужчынскі вакальны ансамбль “Благавест” выдавецтва Беларускага Экзархата,лаўрэат прэстыжных беларускіх і міжнародных пеўчых конкурсаў. Ансамбль упершыню выступаў на сцэне Браслаўскага РДК, але па воплесках слухачоў і па іх водгуках было зразумела, што мужчыны змаглі парадаваць і здзівіць сваім талентам.
Намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка павітала ганаровых гасцей нашага горада і ўручыла ім кветкі і памятныя сувеніры. А кіраўнік ансамбля “Благавест” павіншаваў уладыку Феадосія з нядаўнім юбілеем і падарыў яму духоўную кнігу.
Архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій у сваю чаргу падзякаваў за шчыры прыём і ў сваёй пропаведзі для браслаўчан падкрэсліў, што трэба быць добрымі адзін да аднаго і ніколі не губляць сваё сумленне. Ён павіншаваў усіх прысутных з Калядамі, Хрышчэннем Гасподнім і пажадаў здароўя, любові, спакою і ўзаемаразумення ў сем’ях.

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.