Дорыць пацыентам часцінку сэрца

Главное

IMG_7906 (Medium)Ні для каго не сакрэт, што для многіх маладых спецыялістаў размеркаванне ў вёску становіцца сапраўдным прыгаворам. Са страхам і нежаданнем заставацца тут больш як на два гады маладыя людзі адпраўляюцца на сваё першае месца працы.
Для маёй суразмоўцы Алены Лоўшанкі, нядаўняй выпускніцы медуніверсітэта, навіна пра тое, што яна па размеркаванні будзе працаваць урачом на вёсцы, не стала непрыемнасцю. Наадварот, з уласцівым ёй аптымізмам, адказнасцю і жаданнем дапамагаць людзям яна актыўна ўзялася за працу.
Сёння Алена ўжо паўгода як урач Опсаўскай урачэбнай амбулаторый і, як і адразу пасля размеркавання, лічыць, што з першым працоўным месцам ёй пашанцавала, не расчаравалася і ў абранай прафесіі.
Між тым дзяўчына магла пайсці па іншым шляху. Марыла стаць настаўніцай і ў другой сферы дзейнасці сябе нават не ўяўляла. Бліжэй да паступлення памяняліся думкі, светаўспрыманне і ў планах з’явілася паступленне ў медуніверсітэт. Алена захацела звязаць свой лёс менавіта з аховай здароўя, дапамагаць хворым, радавацца разам з імі, калі яны папраўляюцца.
Яна паступіла ў Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт, паспяхова закончыла факультэт “Лячэбная справа” і атрымала накіраванне на работу ў родны Браслаўскі раён. Інтэрнатуру праходзіла на базе УАЗ “Браслаўская ЦРБ”, а праз год адказнай і працавітай дзяўчыне галоўны ўрач прапанаваў узначаліць Опсаўскую амбулаторыю.
— Сустрэлі мяне ў калектыве, як кажуць, з распасцёртымі абдымкамі, — распавядае абаяльная дзяўчына. – Умовы ў амбулаторыі добрыя, калектыў, а гэта 12 чалавек, вельмі дружны і вопытны, старэйшыя калегі заўсёды дапамогуць, растлумачаць незразумелае, таму я ў іх многаму вучуся. Сапраўдным настаўнікам, якога замацавалі за мной, стала тэрапеўт ЦРБ Ніна Бука. Да яе звяртаюся з любой нагоды, і заўсёды знаходжу падтрымку. Увогуле ж ніхто з урачоў не адмаўляе, калі трэба тэлефаную, і яны дапамагаюць разабрацца ў справе.
— Цяжка працаваць сельскім доктарам? — пытаю.
— Добрая практыка для ўрача,- усміхаецца Алена. — Але на самай справе рамантыкі менш, чым здаецца. Я ж тут і тэрапеўт, і педыятр, і псіхатэрапеўт, і “Хуткая дапамога”… На прыём прыходзяць і сталыя ўжо людзі, і маленькія дзеці, да кожнага трэба знайсці падыход.
Сельскі доктар – спецыяліст універсальны. На яго плечы кладзецца велізарная адказнасць і шмат працы. Алена працуе не толькі ў амбулаторыі аграгарадка, два разы на тыдзень прымае на бліжэйшых ФАПах, наведвае дзяцей да года дома. Увогуле ж у зоне яе адказнасці тэрыторыя Опсаўскага і Далёкаўскага сельсаветаў. Пад “крылом” урачэбнай амбулаторыі – каля 3000 жыхароў. Кожны дзень на прыём у амбулаторыю прыходзяць да 30 чалавек, а бывае гэта лічба ўзрастае і да 50.
Алена спраўляецца на выдатна. Яна як сапраўдны прафесіянал любіць сваю прафесію і перажывае за людзей, якіх лечыць. Дарэчы, колькі ні гутарыла з мясцовымі жыхарамі, ні аднаго дрэннага водгука пра маладога спецыяліста не пачула, толькі словы падзякі…
— Яна так з намі ўмее пагаварыць, што адразу становіцца лягчэй не толькі ад лякарстваў, але і ад добрага слова ўрача, якое таксама лечыць, — расказалі мясцовыя жыхары.
Прыемна, што маладога спецыяліста пасля размеркавання не пакінулі сам–насам са сваімі праблемамі. Як працуецца маладому ўрачу, цікавіцца кіраўніцтва ЦРБ, гаспадарка СВК “Маяк Браслаўскі” выдзеліла Алене дом, дапамагла з рамонтам і добраўпарадкаваннем.
Дзяўчына ж кожнаму пацыенту аддае не толькі свае веды, але і часцінку сэрца. Яны ж адказваюць свайму ўрачу шчырымі словамі падзякі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.