Залатыя юбіляры

Главное

IMG_9167 (Medium)Дажыць да залатога вяселля выпадае далёка не ўсім парам, а вось лёс наканаваў столькі год прайсці разам сям’і Валейня з Усян. Іх сумесны пяцідзесяцігадовы жыццёвы шлях не быў суцэльна ўсланы ружамі, але Іван Іосіфавіч і Тарэза Адамаўна заўсёды ўдваіх пераадольвалі цяжкасці і імкнуліся захоўваць чулыя і паважлівыя адносіны.
У вытоках стварэння сям’і, было, безумоўна, каханне. Пазнаёміліся на танцах у вясковым клубе, ужо з першага знаёмства ў іх сэрцах зацеплілася іскрынка ўзаемнага пачуцця, якая перарасла ў сапраўднае каханне і завяршылася рэгістрацыяй шлюбу, вянчаннем у храме.
З дзяцінства і Іван, і Тарэза зведалі нямала жыццёвых цяжкасцей. Тарэзе было ўсяго 12 гадоў, калі яна засталася адна з маці, бо бацька-франтавік пражыў зусім мала. У час вайны згарэла хата, і маці з дачкой не было дзе жыць. Здаралася начаваць нават у лазні ці хляве. Будаваць новы дом не было за што.
— Пра тое, як жылі, цяпер і ўспамінаць не хочацца, — кажа жанчына. – Бывала, што тыдзень, а то і больш у школу не хадзіла, бо не было што абуць. У выніку закончыла ўсяго сем класаў і пайшла працаваць.
Не менш выпала выпрабаванняў і на долю Івана. З вайны не вярнуўся яго бацька. Адзінага сына падымала на ногі маці. З дзяцінства Івану давялося працаваць і ў полі, і па гаспадарцы. Але скардзіцца не было каму. Тры гады адслужыў у войску ў Ленінградскай ваеннай акрузе, па вяртанні дамоў ажаніўся. Маладая сям’я пачала будаваць свой дом, у якім жывуць і сёння. Шмат даводзілася працаваць. Больш за трыццаць гадоў (да самага выхаду на пенсію) Іван Іосіфавіч адшчыраваў у ДРБУ-142, а Тарэза была звеннявой па вырошчванні льну, цялятніцай, даяркай.
— Усё жыццё ў рабоце, — жартуюць юбіляры.
Гэта, мабыць, і ёсць кароткі, але ёмкі адказ пры падвядзенні вынікаў паўвекавога сямейнага жыцця старэйшага пакалення.
Валейні выгадавалі трох дачок, усім далі добрую адукацыю. Дзве дачкі са сваімі сем’ямі жывуць недалёка ад бацькоў, частыя госці ў іх доме і добрыя памочнікі па гаспадарцы. Старэйшая працуе ў Лагойску. Дзеці падарылі дзядулю і бабулі пяцёра ўнукаў. Цяпер ужо і яны стараюцца дапамагчы па меры сваіх магчымасцей.
Залатое сэрца гаспадыні дома заўсёды падтрымлівала згоду ў сям’і, а залатыя рукі гаспадара абаранялі ад жыццёвых цяжкасцей. На маё пытанне, у чым сакрэт іх такога доўгага сямейнага шчасця, адказалі, што асновай трывалага саюза лічаць узаемапавагу і ўзаемаразуменне. Прызналіся, што абодва па характары неканфліктныя, калі іншы раз і спрачаліся, то па дробязях. Важна таксама ўступаць адзін аднаму.
Іван Іосіфавіч і Тарэза Адамаўна служаць прыкладам для сваіх дзяцей, як трэба будаваць дружную сям’ю, прыкладам дабра і вернасці, годнасці і працавітасці.
Сёлета, як і пяцьдзясят гадоў таму назад, Валейні будуць прымаць віншаванні з залатым юбілеем і яшчэ раз успомняць розныя моманты свайго жыцця, якія захоўвае памяць.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.