Пачынаецца вылучэнне кандыдатаў

Главное

gerbflag1Згодна з Каляндарным планам мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 27-га склікання з 12-га студзеня па 10-га лютага ўключна пачынаецца вылучэне кандыдатаў у дэпутаты.
Як паведаміла начальнік аддзела арганізацыйнай і кадравай работ райвыканкама Алена Палягошка, кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў могуць быць вылучаны грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту і жывуць альбо працуюць на тэрыторыі адпаведнага мясцовага Савета дэпутатаў.
Вылучаць кандыдатаў могуць працоўныя калектывы, палітычныя партыі, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку на пэўнай тэрыторыі, таксама вылучэнне можа адбывацца шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў.
Пры гэтым сходы выбаршчыкаў у працоўных калектывах і іх структурных падраздзяленнях могуць праводзіцца пры вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты абласнога Савета, калі працуючых не менш за 150 чалавек, кандыдатаў у дэпутаты раённага Савета — не менш за 75 чалавек, сельскага — не менш за 20.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў здзяйсняецца ініцыятыўнай групай (у яе, дарэчы, можа ўваходзіць і сам кандыдат) у колькасці ад 3 да 10 чалавек. Спіс групы з указаннем яе кіраўніка разам з заявай аб рэгістрацыі групы неабходна да 16 студзеня падаць у адпаведную выбарчцю камісію, якая ў пяцідзённы тэрмін павінна разглядзець заяву і прыняць рашэнне пра рэгістрацыю ініцыятыўнай групы і выдаць яе членам адпаведныя пасведчанні і падпісаныя лісты для збору подпісаў выбаршчыкаў.
Асобу, якая мяркуецца для вылучэння кандыдатам у дэпутаты ў абласны Савет, павінны падтрымаць не менш за 150 выбаршчыкаў, якія жывуць на тэрыторыі выбарчай акругі, у раённы — не менш за 75, у сельскі Савет дэпутатаў — не менш за 20.
Дарэчы, прастора для збору подпісаў у падтрымку кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў на тэрыторыі раёна вельмі шырокая.
Райвыканкам, кіруючыся арт.65 Выбарчага кодэкса, сваім рашэннем ад 8 студзеня вызначыў толькі месцы, забароненыя для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў. Гэта месцы на адлегласці менш за 20 м ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых і выканаўчых органаў, суда, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы, жыццядзейнасць насельніцтва — прадпрыемстваў вада-, цепла- і энергазабеспячэння, дзіцячых дашкольных і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, аховы здароўя.

Казімір Пятушка.