Падарунак для зручнасці жыцця

Главное

IMG_2933 (Small)Цудоўным навагоднім падарункам завяршыўся мінулы год для пастаяльцаў дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. 4,7 млрд. рублёў, якія выдзеліў абласны бюджэт, далі магчымасць зрабіць капітальны рамонт і мадэрнізацыю другога жылога корпусу. Уцеплены і пафарбаваны ў светлыя колеры сцены, заменена ўся сантэхніка, замест старых вокнаў з’явіліся шклопакеты, мудрагелістыя ўзоры сучаснай пліткі ўпрыгожваюць палы калідораў, для зручнасці руху зроблены поручні.
Безумоўна, такія змены станоўча паўплывалі на ўмовы жыцця пажылых людзей і інвалідаў інтэрната. А дзякуючы клопату і руплівай працы персаналу, а таксама неабыякавасці многіх пастаяльцаў, у памяшканні заўсёды падтрымліваецца чысціня і парадак.
Ганаровымі граматамі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама адзначана работа бухгалтара В. Галіцкай, сястры-гаспадыні Л. Сергеевіч, удзячнасці ведамаснага ўпраўлення атрымалі куханы работнік Л. Кавалеўская, санітаркі В. Петракевіч і М. Кашкур.
Засталося прывесці ў належны выгляд тэрыторыю вакол будынка. Для гэтага на бягучы год запланавана асвоіць яшчэ 1 млрд. рублёў. Ужо сёння закладзены вітвістыя дарожкі, акрэслены газоны, на якіх па словах дырэктара ўстановы С. Аліхвера, будуць радаваць вока прыгожыя заморскія кветкі.
Напярэдадні свят не засталіся бабулі і дзядулі і без салодкіх падарункаў, якія прывезлі ім прадстаўнікі добраахвотнага дабрачыннага таварыства «Карытас» прыходу «Нараджэння Маці Божай» і сям’я браслаўскіх прадпрымальнікаў Красных.

Алена Пятушка.