Наш важаты – самы лепшы!

Главное

Сваю любоў да дзяцей, майстэрства і выдатныя творчыя здольнасці прадэманстравалі ўдзельнікі раённага конкурсу лідараў дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў “Важаты года – 2013”. Яго асноўнай мэтай было адраджэнне лепшых піянерскіх традыцый і павышэнне прэстыжу важатага. Удзел прымалі восем актывістаў вучэбных устаноў горада і раёна.
Конкурсная праграма праходзіла ў чатырох намінацыях. У кожнай з іх удзельнікам давялося раскрыць поспех дзейнасці свайго аб’яднання, расказаць пра яго дасягненні і адкрыцці, а таксама падзяліцца майстэрствам і вопытам работы.
Першапачаткова падчас “Візітнай карткі” важатыя мелі магчымасць, выкарыстоўваючы розныя жанравыя формы, паказаць свае лідарскія якасці ў школьным асяроддзі. Адметна тое, што да гэтага этапа конкурсу ўдзельнікі падышлі даволі творча і прадставілі на суд журы свае неардынарныя ідэі. Выключную ролю ў выступленні кожнага адыгралі і групы падтрымкі.
Акрамя арганізатарскіх здольнасцей, важаты павінен добра арыентавацца ў піянерскай атрыбутыцы, ведаць план работы свайго дзіцячага грамадскага аб’яднання, пра мерапрыемствы, якія праходзяць на школьным і раённым узроўнях. Лепшых у гэтым плане вызначыла “Медыаазбука”.
Трэці этап конкурснай праграмы пад назвай “Імідж важатага” прайшоў у атмасферы пазітыўнасці і непамернай дзіцячай фантазіі: з падручных сродкаў дзеці стваралі вобраз свайго лідара.
Напрыканцы праграмы не абышлося без займальных гульняў, арганізаваных канкурсантамі для гледачоў. У гэтым накірунку многія прыёмы былі запазычаны з работы аздараўленчага лагера “Зубраня”.
Атмасфера ў зале была дзіўная – жывая, гарэзлівая, святочная. Мерапрыемства хутчэй нагадвала вясёлую сяброўскую сустрэчу, чым спаборніцтва лідараў. Аднак прыйшоў час вызначыць пераможцу, і журы вынесла свой вердыкт. “Важатым года – 2013” стала навучэнка СШ №2 Кацярына Іоч. Бліскуча выступілі Дзіяна Баган з Відзаўскай СШ і Ганна Піртань з Урбанскай дзіцячы сад–сярэдняй школы. Дзяўчаты падзялілі другое і трэцяя месцы адпаведна. З чым іх і віншуем!

Таццяна Прашкевіч.