“Музей у чамадане” сабраў экскурсаводаў

Новости

Ведаць гісторыю свайго краю, памятаць продкаў важна і неабходна. Гэта на справе даказвалі ўдзельнікі конкурсу экскурсаводаў школьных музеяў і куткоў “Музей у чамадане”.
Раённы этап конкурсу, які праходзіў на базе ЦДМ, сабраў лепшых знатакоў гісторыі і экскурсаводаў з 9 школ раёна. А мерапрыемства было заклікана садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню моладзі і актывізацыі дзейнасці школьных музеяў. Кожны з прысутных спрабаваў не толькі як мага лепш прадставіць свой школьны музей ці куток, але і даказаць, што здольны абараніць гонар Браслаўскага раёна на абласным этапе.
Конкурс уключаў у сябе дзве намінацыі. Першая з іх, “Музей у чамадане”, сабрала найбольшую колькасць юных экскурсаводаў. Хлопцы і дзяўчаты цікава праводзілі віртуальныя экскурсіі, расказвалі пра экспанаты, але рабілі гэта ў незвычайнай форме. Кожны з канкурсантаў прывёз у чамадане са свайго музея толькі тыя рэчы, якія лічыў сапраўды важнымі. Так і з’явіліся перад гледачамі чамадан гандляра, кошык гаспадыні з прыладамі для кухні, а вандроўнік расказаў, без чаго яму не абысціся ў дарозе. У вершах і песнях, эмацыянальна і творча дзеці прадэманстравалі рэчы са свайго музея. А дапамагаў юным экскурсаводам выдатна падрыхтаваны відэарад.
У другой намінацыі – “Гісторыя аднаго экспаната”, вучні рыхтавалі прэзентацыю самага значнага ў іх музеі экспаната. Тут гучалі гісторыі пра цудоўную знаходку рэдкай кнігі, гістарычны расказ пра рэвальвер і многае іншае.
Вызначыць журы, хто ж з удзельнікаў лепшы экскурсавод, было складана. Так, лепшай “Гісторыяй аднаго экспаната” прызнаны расказ Веранікі Бейнаровіч з Замошскай дзіцячы сад–базавай школы. А ў намінацыі “Музей у чамадане” трэцім стаў Уладзіслаў Балочка з Урбанскай школы, другое месца журы прысудзіла Валянціну Любінскаму з Дрысвят. Пераможніцай конкурсу і лепшым экскурсаводам, які прадставіць наш раён у вобласці стала ўжо ў другі раз Алена Анушонак з Грытунскай дзіцячы сад–базавай школы. Астатнія школьнікі атрымалі дыпломы ўдзельнікаў, прызы і шмат станоўчых эмоцый.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.