Ці не вельмі дарагія паездкі?!

Человек и закон

Лічу, не памылюся, калі скажу, што няма ў Беларусі вадзіцеля, які б не ведаў, што за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення ў нашай краіне існуе строгая адказнасць, у тым ліку і крымінальная. На жаль, аматараў вострых адчуванняў за рулём пад мухай яшчэ шмат.
Што яны пагражаюць жыццю і здароўю людзей, якія могуць выпадкова аказацца на іх шляху, няспынна папярэджваюць супрацоўнікі ДАІ. Я ж хачу звярнуць увагу аматараў выпіўкі на іншы бок нецвярозай язды, мо нават адзіны, прыведзены ніжэй прыклад, зможа іншы раз утаймаваць азарт п’янага ліхацтва.
Яшчэ ў лістападзе 2011 г. малады браслаўчанін быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ. За што і быў аштрафаваны на 825 тыс. руб. Але першы ўрок ён не засвоіў. Пільныя інспектары РАУС 4 снежня зноў па той жа прычыне былі вымушаны адабраць у яго руль. Паўторны выпадак на працягу года разглядаецца ўжо з пазіцыі Крымінальнага кодэкса РБ. І ў студзені 2012 г. браслаўчанін быў асуджаны судом Браслаўскага раёна на аплату штрафу ў памеры 5 250 000 руб.
І другі ўрок, вынік якога назначаны судом, таксама не пайшоў на карысць. У сакавіку ў 2012 г. малады браслаўчанін у чарговы раз быў затрыманы ў стане алкагольнага ап’янення за рулём аўтамабіля. А гэта зноў крымінальная адказнасць, якая, безумоўна, цягне за сабой больш строгае пакаранне: судом раёна ён аштрафаваны на 31 млн. руб. Увогуле ж усе штрафы, накладзеныя на маладога вадзіцеля за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, склалі 37 075 000 руб. Ці не вельмі дарагія паездкі? Мо ўсё ж трэба задумацца, перш чым пад мухай садзіцца за руль.

Дзмітрый Вашкун,
следчы раённага следчага камітэта.