Дапамог папярэдзіць бяду

Человек и закон

Ужо не першы раз дзякуючы неабыякавасці і дапамозе браслаўчан супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць парушальнікаў закона. Так было і на гэты раз.
Прыехаўшы на аўтаза-правачную станцыю, браслаўчанін Яўген Пупін звярнуў увагу на вадзіцеля машыны, які пад’ехаў следам і ледзь не ўрэзаўся ў аўтамабіль, што стаяў спераду. Падазрэнне пра стан ва-дзіцеля пацвердзілася, калі апошні ледзь выйшаў з машыны, а потым, хістаючыся, яшчэ і спрабаваў яе заправіць.
Яўген тут жа патэлефанаваў у дзяжурную часць РАУС і паведаміў пра гора-вадзіцеля, які, было бачна, у стане алкагольнага ап’-янення кіраваў транспартным сродкам. Пакуль нарад ДАІ ехаў на месца, п’яны вадзіцель зноў сеў за руль і адправіўся ў шлях. Не даехаўшы да Браслава, ён павярнуў на аб’язную дарогу. А Яўген яшчэ раз патэлефанаваў у міліцыю і дапамог скарэкціраваць дзеянні нарада ДАІ.
На вуліцы Дачнай
г. Браслава супрацоўнікі ДАІ затрымалі аўтамабіль. Пазней стала вядома, што вадзіцель сапраўды быў п’яны. Толькі дзякуючы неабыякаваму браслаўчаніну ўдалося яго спыніць, а магчыма, і выратаваць каму-небудзь жыццё. “Рухаючыся з сям’ёй у аўтамабілі, я не хацеў бы сустрэць такога вадзіцеля на дарозе”, – кажа сам Яўген.
Напрыканцы студзеня начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка ўручыў Яўгену Пупіну падзячнае пісьмо ад РАУС і грашовую прэмію за яго грамадзянскую свядомасць, пільнасць, аператыўнасць дзеянняў і дапамогу ДАІ.

Часлаў Угарэнка,
нам. начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце.