Заўсёды напагатове

Главное

Кожны добра ведае, што, набраўшы нумар 102, ён трапіць у аператыўна-дзяжурную службу і зможа паведаміць пра здарэнне ці злачынства супрацоўнікам РАУС. Але наколькі складаная і незвычайная ў гэтых людзей работа, ведаюць не ўсе.
Сёння аператыўна-дзяжурнай служба – гэта 12 супрацоўнікаў, якія ў любой сітуацыі дзейнічаюць зладжана і аператыўна, дружная каманда, якая гатова адгукнуцца на любое паведамленне 24 гадзіны ў суткі. А ўзначальвае яе маёр міліцыі Леанід Юркевіч, які шмат гадоў працуе ў праваахоўных органах. У яго калектыве толькі самыя падрыхтаваныя і вопытныя супрацоўнікі, у многіх з іх стаж працы каля 20 гадоў, але ёсць і маладое папаўненне, якое таксама стараецца адпавядаць сваім старэйшым таварышам.
Кожны дзень на змену ў АДС заступае дзяжурны нарад. Згодна з інструкцыямі ў кожнага з іх свае абавязкі, але ў цэлым супрацоўнікі працуюць як адна каманда.
― Існуюць дзве тэлефонныя ліні, 102 і 22202, а на нумар 29464 тэлефануюць тыя, хто жадае ананімна паведаміць пра злачынства. Як толькі паступае званок, дзяжурны нарад адразу рэагуе і выязджае на месца. І тут самае галоўнае – своечасовасць, – расказвае старшы аператыўны дзяжурны АДС Леанід Юркевіч.
У будныя дні званкоў менш, а вось у выхадныя і святочныя ў тры разы болей, таму аператыўна-дзяжурная служба заўсёды напагатове. Гэта не значыць, што ў раёне адбываецца столькі здарэнняў. Часцей за ўсё людзі тэлефануюць, каб выказаць прэтэнзіі да якой-небудзь службы, запытацца нумар тэлефона ці іншае. А бывае, падвыпіўшым проста становіцца сумна і ўзнікае жаданне пагаварыць. Вось толькі не кожны ведае, што любы званок, які паступае на нумар 102 фіксуецца і запісваецца, а за несапраўдныя выклікі і жарты прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
― Звычайна ў выхадныя і святочныя дні павялічваецца колькасць выклікаў на сямейныя скандалы, сваркі і бойкі, – дзеліцца Леанід Леанідавіч. Бывае і так, што пасля здарэння праходзіць некалькі дзён, і толькі тады чалавек тэлефануе ў міліцыю і просіць дапамагчы, а гэта ўжо амаль немагчыма. Таму, калі нешта здарылася, трэба неадкладна паведамляць у міліцыю.
Асноўныя злачынствы, пра якія паведамляюць людзі, ― крадзяжы. Другое месца займаюць сямейныя скандалы, калі пасля чаркі пачынаюцца “разборкі”, якія часам заканчваюцца трагічна.
Супрацоўнік АДС павінен валодаць не толькі якасцямі міліцыянера, але яшчэ і быць ветлівым псіхолагам. Часам усхваляваныя людзі нават адрас свой забываюць, плачуць у тэлефонную трубку. Тут галоўнае супакоіць чалавека, максімальна даведацца пра месца здарэння, абставіны і аператыўна зрэагаваць. Вось такая яна, аператыўна-дзяжурная служба, дзе працуюць толькі самыя вопытныя і адказныя людзі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.