Цікава і з карысцю

Главное

Канікулы. Яны заўсёды такія доўгачаканыя для школьнікаў, бо з’яўляецца магчымасць адпачыць ад урокаў, хатніх заданняў і нямала часу для любімых заняткаў. Як правесці гэтыя вольныя хвіліны, кожны вырашае сам.
Праводзіць канікулы весела і з карысцю дапамагае цэнтр дзяцей і моладзі. Мерапрыемствы, якія праводзіліся тут падчас восеньскіх канікулаў, былі разлічаны на школьнікаў рознага ўзросту.
Хлопцы і дзяўчаты актыўна ўдзельнічалі ў майстар-класе па бісерапляценні “Залатая пацерачка”, займаліся ў гуртках “Умелыя ручкі”, па тэхнічнай творчасці “Суднамадэлізм”, дэкаратыўным дызайне “Вясёлка”. Спадабалася вучням прымаць удзел у тэатры-экспромце “Я – гэта цэлы свет”, рабоце майстэрні Аловачка, творчай майстэрні “Чароўная нітачка”, фларыстычнай – “Флора”.
Вялікая колькасць вучняў пажадалі прыняць удзел і ў спартыўных спаборніцтвах. Заняткі па аэробіцы, раённы турнір па баскетболе на прызы цэнтра дзяцей і моладзі сабралі шмат прыхільнікаў здаровага ладу жыцця.
За тыдзень восеньскіх канікулаў цэнтр наведалі больш за 660 школьнікаў з розных школ горада і раёна.
У саміх жа хлопцаў і дзяўчат мы запыталіся, чым бы яшчэ яны хацелі займацца на канікулах і пра што мараць. Вось што нам адказалі.
Аляксандр Бейнар, вучань 3 класа СШ №1:
— Я вельмі люблю чытаць кнігі, бавіць час за камп’ютарам, наведваю гурток “Глінка” ў ЦДМ, спартыўную школу, школу мастацтваў, шахматны гурток у школе, дзе вучуся.
Я вельмі хацеў бы навучыцца добра плаваць, шкада, што ў нас няма басейна, мару авалодаць рознымі відамі баявых мастацтваў.
Валерыя Карніенка, вучаніца 5 класа СШ №2:
— Я наведваю школу мастацтваў, танцавальнае аб’яднанне па інтарэсах пры ЦДМ. Восеньскія канікулы правяла ў бабулі.
Я вельмі хачу пабыць у Егіпце, у гасцях у свайго дзядзі ў Кітаі. Наперадзе зімовыя канікулы. Люблю катацца на каньках, хачу навучыцца гэтаму майстэрству яшчэ лепш.
Аляксандр Рабкоў, вучань 4 класа СШ №1:
— Люблю чытаць кнігі пра жывёл і птушак, захапляюся вывучэннем англійскай мовы і матэматыкі, хачу стаць праграмістам. А яшчэ мару авалодаць майстэрствам паркура. Цудоўна было б, каб арганізавалі ў горадзе такія заняткі!
Уладзіслаў Навамір, вучань 5 класа СШ №1:
— Люблю музыку, займаюся ў аркестры народных інструментаў, наведваю камп’ютарны гурток. Хацеў бы пабыць на канікулах у сваёй бабулі ў Лондане. А ўвогуле, мару навучыцца лятаць…
Вікторыя Кажаронак, вучаніца 7 класа СШ №2:
— Не ўяўляю канікулаў без сустрэчы з сябрамі. Асабліва мне падабаецца забаўляцца з малодшымі школьнікамі. Займаюся ў аб’яднанні “Актыўным будзь заўсёды”, студыі выяўленчага мастацтва “Мазаіка”. На мой погляд, на канікулах трэба больш праводзіць інтэлектуальных гульняў, цікавых экскурсій. Мару ж я пакатацца на квадрацыкле і наведаць Парыж.

Тэкст і фота А. Юран, А. Панковай,
Г. Пабяржынай,
членаў аб’яднання “Юны журналіст”.