Кліча школа мужнасці і патрыятызму

Новости

І імя гэтай школе – армія. Кожны паважаючы сябе хлопец, які любіць Радзіму і жадае стаць сапраўдным мужчынам, павінен прайсці яе.
За 1,5 хвіліны адзявацца, трымаць зброю, аператыўна спрацаваць у вучэбным баі, падымацца па трывозе, выконваць загады – усяму гэтаму давядзецца навучыцца будучым салдатам.
Ужо з 15 лістапада 44 прызыўнікі-браслаўчаніны на год ці паўтара адправяцца на службу ў пагранічныя войскі, супрацьпаветранай абароны, сувязі і сіл спецыяльных аперацый.
Традыцыйна будучых абаронцаў Айчыны з цёплымі словамі на дарогу адпраўляюць у “Дзень прызыўніка”. На гэты раз святочная дзея перамясцілася ў раённы Дом культуры, дзе пад гукі ўрачыстай музыкі ўручалі павесткі для службы ў радах Узброеных Сіл РБ маладым браслаўчанам – заўтрашнім салдатам.
Першым з прывітальным словам выступіў раённы ваенны камісар Віталь Грамніцкі, які пажадаў юнакам прайсці гэты этап жыцця дастойна, мужнасці і хуткага вяртання дадому. Акрамя таго, ён зазначыў, што падчас службы браслаўчане заўсёды паказвалі сябе з лепшага боку, многія былі адзначаны кіраўніцтвам ваенных часцей як лепшыя. Да гэтага і заклікаў імкнуцца новае папаўненне ваенны камісар.
Свае пажаданні і словы на дарогу маладым выказалі намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка, начальнік групы прызыву райваенкамата Уладзімір Шымуковіч, першы сакратар РК БРСМ Марыя Сяліцкая. Сваімі ўспамінамі пра армейскае жыццё і вопытам з будучымі абаронцамі Радзімы падзяліўся старшыня раённай арганізацыі савета ветэранаў Іван Цялежнікаў.
Не хаваючы сваіх хваляванняў, як і кожная маці, якая праводзіць сына на службу, перад прысутнымі выступіла маці будучага салдата Таццяна Раманцэвіч. Прызыўнікі ж, у сваю чаргу, абяцалі служыць дастойна, на гонар нашага раёна і Радзімы.
Свае музычныя віншаванні ў адрас юнакоў дарылі і артысты РДК, зрабіўшы іх настрой яшчэ больш святочным.
Безумоўна, самым хвалюючым момантам мерапрыемства стала ўручэнне прызыўных павестак абаронцам нашай краіны з рук Іны Лысенкі і Віталя Грамніцкага. Бачна, што хлопцы хваляваліся і з нецярпеннем чакалі павесткі, каб даведацца, куды хутка трапяць на службу. А пакуль у іх ёсць час правесці апошнія дні дома з роднымі і сябрамі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.