Таленавітых вучняў ушанавалі на сцэне Браслаўскага Дома культуры

Новости

 Традыцыйна пасля заканчэння вучэбнага года лепшых вучняў нашага раёна, што дасягнулі высокіх вынікаў у розных накірунках і выдатна сябе праявілі на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах і конкурсах, ушаноўваюць на мерапрыемстве “Сузор’е талентаў”.

На мінулым тыдні ў зале РДК сабраліся самыя таленавітыя вучні і іх настаўнікі, падтрымаць завіталі бацькі і сябры.

Па чарзе на сцэну падымаліся 37 вучняў. У намінацыі “Да вяршынь Алімпа” прэміі і памятныя падарункі атрымалі 4 пераможцы і прызёры абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Ганарыцца сваёй вучаніцай можа Мяжанская школа. Вікторыя Верпечынскене заняла 2 месца на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове. А гэта сведчыць пра тое, што дзеці з сельскіх школ маюць роўныя магчымасці з вучнямі гарадскіх школ для навуковай дзейнасці і дасягнення высокіх вынікаў.
Для тых, хто больш любіць спорт, была вызначана свая намінацыя – “Хутчэй, вышэй, мацней”. На сцэну адзін за адным падымаліся пераможцы спартыўных мерапрыемстваў. Напрыклад, другі год запар “спартыўная гордасць” раёна – баскетбольная каманда дзяўчат гімназіі – становіцца другой у вобласці.
Браслаўшчына багата і на творчыя таленты, якім прысуджана намінацыя “Натхненне творчасцю”. Дарэчы, гэта намінацыя стала самай шматлікай. Так, сярод іх каманда Опсаўскай школы, якая заняла 2 месца ў вобласці на конкурсе піянерскіх агітбрыгад, вакальная група “Раніца” пад кіраўніцтвам Маі Даронінай стала трэцяй у вобласці на фестывалі міжкультурных камунікацый, там жа выдатна праявіла свае таленты ў прэзентацыі газеты і прамоўніцкім мастацтве Аляксандра Скіндэрская.
Для пераможцаў і ўсіх прысутных прыемным падарункам стаў канцэрт, у якім выступілі і самі намінанты.
Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.