Браслаўчанка пра работу юрыстам: з дзяцінства марыла дапамагаць людзям і арганізацыям

Люди
Браслаўчанка Ганна Ерамеева зусім не вагалася з выбарам будучай прафесіі. З дзяцінства яна марыла дапамагаць людзям і арганізацыям на законных падставах адстойваць свае інтарэсы, таму мэтанакіравана рыхтавалася, каб атрымаць кваліфікацыю юрыста ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.

Малады спецыяліст адпрацавала па размеркаванні ў Відзаўскім каледжы і з мэтай кар’ернага росту накіравалася ў беларускую сталіцу. Там у дзяржаўных прадпрыемствах гандлю дзяўчына некалькі гадоў паспяхова вяла кадравы ўлік, справаводства, здзяйсняла юрыдычнае суправаджэнне гаспадарчай дзейнасці. Але жыццёвы лёс зноў прывёў яе на сваю малую радзіму.

Цяпер Ганна Ерамеева працуе юрысконсультам на торфабрыкетным заводзе «Браслаўскі». Шмат свайго працоўнага часу яна надае падрыхтоўцы праектаў дагавораў з іншымі арганізацыямі. Прычым дагаворы па рэалізацыі торфабрыкетаў – гэта толькі малая частка яе абавязкаў, бо ў адкрытага акцыянернага таварыства яшчэ шмат іншых накірункаў дзейнасці – кафэ, магазін, будаўніцтва новых плошчаў для здабычы торфу, паслугі транспарту, рэалізацыя прадукцыі дрэваапрацоўкі, экспартныя пастаўкі.

Далёка не ўсе суб’екты гаспадарання добрасумленна выконваюць свае дагаворныя абавязацельствы, таму Ганне даводзіцца скрупулёзна рыхтаваць дакументы для разгляду іх у эканамічным судзе ці для вынясення натарыяльнага надпісу.

Юрысконсульт вытворчага прадпрыемства таксама прадстаўляе інтарэсы завода на дзяржаўных гандлёвых пляцоўках. Падрыхтоўка дакументаў і адміністраванне працэсаў унутрыгаспадарчай дзейнасці – гэта таксама зона яе адказнасці, як і работа з персанальнымі данымі работнікаў, арганізацыя дзейнасці камісіі па супрацьдзеянні карупцыі, узаемадзеянне з праваахоўнымі органамі. Як бачна, кола абавязкаў у юрысконсульта арганізацыі, якая займаецца гаспадарчай дзейнасцю, дастаткова шырокае. Дырэктар акцыянернага таварыства Мікалай Жданковіч заўважае, што Ганна Ерамеева на сваёй пасадзе надзейна абараняе эканамічныя інтарэсы прадпрыемства. Яна ж у сваю чаргу кажа, што кіраўніцтва завода вельмі зацікаўлена ў павышэнні кваліфікацыі работнікаў. А для юрыстаў гэта найбольш важна, бо заканадаўчая база пастаянна абнаўляецца. Таму дырэкцыя не шкадуе сродкаў на павышэнне прафесійнага ўзроўню спецыяліста прававой сферы. ■

Казімір ПЯТУШКА