Да работы — з любоўю. Браслаўчанін больш за 20 гадоў працуе механізатарам

Люди
Хлеб на нашых сталах з’яўляецца дзякуючы шчырай працы хлебаробаў, якія з вясны аж да маразоў займаюцца вырошчваннем і ўборкай ураджаю. У сезон аграрыі з раніцы да вечара на палетках, не маюць ні выхадных, ні святочных, бо кожны дзень у іх на ўліку. Таму людзі, якія трапілі ў гэтую прафесію выпадкова, доўга тут не затрымліваюцца. Іван Кульпа працуе ў СВК «Маяк Браслаўскі» амаль 20 гадоў і не скардзіцца на свой лёс, а наадварот, адносіцца да работы з вялікай любоўю.

У яго сям’і ніколі не цураліся сялянскай працы, бацькі мелі добрую гаспадарку і кавалак зямлі, дзяцей жа з малых гадоў таксама прывучалі да работы. Бацька Івана ўсё жыццё працаваў механізатарам, па яго слядах пайшоў і сын. І вось ужо амаль 20 гадоў Іван Кульпа прафесіянальна валодае амаль любой сельскагаспадарчай тэхнікай.

Сёння яго непасрэдны кіраўнік – начальнік аддзялення Валерый Ваштаевіч – характарызуе механізатара толькі станоўча. Кажа, што Іван ніколі не падвядзе, заўсёды робіць даручаную справу як мага лепш. Прычым, спраўляецца ён з любымі машынамі. Кіруе трактарам МТЗ-1221, «Расой», якая распыляе хімікаты, на корманарыхтоўцы працуе на «Ягуары», а жніво праводзіць у кабіне камбайна. Уся гэтая тэхніка заўсёды ў найлепшым стане: рыхтуе яе Іван да сезона шчыра, каб у час палявых работ не прастойваць на рамонце.

Бывае, зазірнеш у кабіну трактара і адразу разумееш, як чалавек адносіцца да тэхнікі ды сваёй работы. У любой машыне, якая даручана Івану Кульпу, заўсёды чысціня, парадак, усё ляжыць на сваіх месцах. Ён пастаянна імкнецца зрабіць сваё рабочае месца максімальна камфортным і ўтульным. Напрыклад, цяпер ён працуе на трактары МТЗ-1221. Зазірнуўшы ў яго кабіну, можна заўважыць на крэсле прыгожую мяккую посцілку, побач – чысты ручнік, на люстэрку – «елачку» з прыемным пахам, з калонак гучыць музыка. Іван разважае: «Маё жыццё – гэта дом і праца, прычым на рабоце я праводжу, напэўна, больш часу, чым дома. Таму хачу, каб вакол было ўтульна, так больш прыемна працаваць».

Наогул І. Кульпа задаволены, што аднойчы трапіў менавіта ў «Маяк», тут ён набыў свой дом, добрых калег, верных таварышаў і займаецца любімай справай – кіруе тэхнікай. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ