Віктар Зюрын і Леанід Паляк працуюць поруч больш за 20 гадоў

Люди
У трактарыстаў-машыністаў ААТ «Агравідзы» Віктара Зюрына і Леаніда Паляка шмат агульнага. У абодвух стаж работы на палетках гаспадаркі перавышае 20 гадоў. І адзін, і другі выдатна валодаюць навыкамі выканання ўсіх агратэхнічных аперацый, таму і круглагадовы графік іх работы амаль супадае: унясенне ўгнаенняў вясной, падкормка траў, сяўба, затым касьба, прасаванне сена. На змену корманарыхтоцы прыходзіць жніво, зноў сяўба, а ў зімовы перыяд механізатары на кормараздатчыках падмацоўваюць ежай жывёлу на фермах. І так з году ў год.

На любых участках работы добразычлівыя мужчыны выконваюць даручэнні кіраўніцтва дасканала і аператыўна. Іх імёны вядомы не толькі ў акцыянерным таварыстве, а і ўсім, хто цікавіцца справамі рэгіянальнай сельскай гаcпадаркі па публікацыях у «Браслаўскай звяздзе», з раённай дошкі гонару лідараў сяўбы, корманарыхтоўкі ці жніва. Леанід Паляк, напрыклад, сёлета адзін падкарміў на «Расе» ўсе 1 208 га азімых збожжавых, правёў хімпраполку, а ў час уборачнай кампаніі намалаціў 1 369 т збожжа. Не меншы ўклад у агульны каравай сельгаспрадпрыемства і Віктара Зюрына. Хоць яго намалот склаў 811 з палавінай тон, але ж ён збіраў зерне з нівы на старэнькай «Мезе», якая эксплуатавалася ўжо 21-ы сезон.

Галоўнае ж, што ў адзін голас падкрэслівалі і дырэктар прадпрыемства, і яго галоўны аграном: ні Віктару, ні Леаніду двойчы паўтараць не трэба. Раз сказаў – і ўсё будзе зроблена ідэальна. А маючы багаты практычны вопыт на шматлікіх палях ААТ, мужчыны яшчэ і параяць, дзе тэхніка пойдзе па ніве, а дзе абавязкова стане буксаваць. Таму менавіта на такіх людзях і трымаецца поспех спраў усёй гаспадаркі. ■