«Галоўны сакрэт — мы паўсюль разам». Пара з Браслаўскага раёна адзначыла залатое вяселле

Люди
Людзі часцей становяцца шчаслівымі тады, калі адчуваюць сябе патрэбнымі блізкім, калі ім ёсць пра каго клапаціцца і каго любіць. Найбольш гэта праяўляецца ў сям’і – нездарма ж у яе гонар усталяваны асобны дзень, які адзначаецца 15 мая. І асаблівую павагу выклікаюць тыя муж і жонка, якія пражылі ў згодзе шмат часу, як, напрыклад, Іда Ігнацьеўна і Станіслаў Альфонсавіч Абаровічы з вёскі Азяраўцы, якія сёлета адзначылі залатое вяселле.

Жвавая гаваркая жанчына і маўклівы нетаропкі гаспадар разам з 1972 г. Абое мясцовыя: Іда Ігнацьеўна з Шаўлян, а Станіслаў Альфонсавіч родам з Астанеўцаў.

Іду лёс не надта песціў: дзяўчынка з 9 гадоў страціла маці, а пасля заканчэння Мількаўскай васьмігодкі ёй праз траўму бацькі давялося адразу ўладкоўвацца на працу ў Цяцерках. Яе ўзялі паштальёнам, як кажуць, пад чэснае слова, бо па ўзросце не магла мець справу з грашамі, а трэба ж было, акрамя газет, часопісаў ды лістоў, разносіць яшчэ і пенсіі. Аднак Іда справілася. Затым, завочна закончыўшы бухгалтарскія курсы, перайшла ў аграсэрвіс. Тут яна і працавала на працягу трыццаці гадоў: спачатку выпісвала запчасткі для калгаснай тэхнікі, потым была касірам-бухгалтарам. Як сама кажа, старалася, і цяпер ёй не сорамна сустрэцца з людзьмі.

У Станіслава жыццёвы шлях больш традыцыйны: скончыўшы 8 класаў, ён 2 гады вучыўся ў Відзаўскім вучылішчы, атрымаў правы і шчыраваў механізатарам у мясцовай гаспадарцы «Шлях Леніна». Быў ён звеннявым, меў добрыя вынікі, і цяпер яшчэ ў сям’і ўзгадваюць яго паездку ў Мінск, дзе дбайнага работніка ўзнагародзілі граматай Вярхоўнага Савета.

Іда і Станіслаў (дарэчы, старэйшы на 7 гадоў) пазнаёміліся, як і многія хлопцы і дзяўчаты ў той час, на танцах. «Спадабалася – і ўсё!» – кажа, усміхаючыся, гаспадар. Маладыя пасля вяселля жылі з бацькамі Станіслава ў старой хаце і, калі нарадзіўся другі сын, пачалі будаваць у Азяраўцах уласны дом. Ужо там і дачушку дачакаліся. Муж і жонка выгадавалі траіх дзяцей – Леаніда, Віктара і Таццяну, сёння цешацца з пяці ўнукаў.

Пяцьдзясят гадоў разам – гэта доўгая гісторыя, на працягу якой было шмат шчаслівых момантаў, сустракаліся і цяжкасці. Але ў сям’і Абаровічаў заўсёды падтрымліваюць адзін аднаго, радуюцца поспехам або суцяшаюць пры няўдачы. На просьбу ж падзяліцца сакрэтам удалага шлюбу Іда Ігнацьеўна і Станіслаў Альфонсавіч, не задумваючыся, кажуць: «Больш за ўсё цэнім дабрыню ў чалавеку, справядлівасць і ўзаемаразуменне. Мы заўсёды ўдвух: ці едзем кудысьці на машыне, ці ідзём у госці – паўсюль разам. І ў нас няма падзелу – гэта твая або мая праца, мы ўсё робім сумесна». Дарэчы, робяць яны нямала. Нават цяпер, у паважным узросце, трымаюць гаспадарку, даглядаюць агарод у 1 га, пасадзілі маладыя пладовыя дрэўцы, пабудавалі адмысловую лазню. Яшчэ паспяваюць і за дачай прыглядваць. Вялікая падтрымка ў рабоце – трактар, набыты з дапамогай банкаўскага крэдыту. Станіслаў Альфонсавіч адзначае, што тэхніку выгадней мець, чым таго ж каня: клопату менш. Шмат дапамагаюць дзеці, якія выраслі такімі ж працавітымі, як бацькі. Муж і жонка ўвесь час у клопатах: ён займаецца рамонтам, яна любіць парадак ды кветкі, і разам складаюць планы на будучыню. У рэдкія вольныя хвіліны абое глядзяць тэлевізар, гартаюць раёнку.

Абаровічы нездарма захавалі аптымістычны погляд на жыццё, бо атрымалі ад лёсу каштоўны падарунак – моцную сям’ю. ■

Жанна БЯЛЬКО