Марына Шыркевіч – душа ансабля народнай песні «На панадворку»

Люди
Хормайстар Раённага цэнтра культуры Марына Шыркевіч – вядомая ў раёне асоба. Яе ведаюць не толькі як спявачку з прыгожым голасам ці дырыжора зводнага хору на фестывалі «Браслаўскія зарніцы», але і як стваральніцу нашага творчага брэнда – народнага ансамбля народнай песні «На панадворку».

Родам М. Шыркевіч з суседняга з намі раёна – Міёрскага. У сям’і ўсе любілі музыку: бацька быў вакалістам у ваенным хоры, брат – баяніст, сястра – дамрыстка. Не адставала ад іх і Марына. Паступіла ў Наваполацкі каледж, дзе выкладчыкі адразу ацанілі яе вакальныя здольнасці і абсалютны слых. Па размеркаванні пасля вучобы ёй выпадала Пастаўская школа мастацтваў, бо па спецыяльнасці яна педагог і кіраўнік акадэмічнага хору, аднак сваё месца М. Шыркевіч саступіла сяброўцы, а сама па падказцы выкладчыка выбрала наш раён. «Першыя 2 тыдні адпрацавала ў Доме культуры, жыла ў гасцініцы, а потым мяне адправілі ў Слабодкаўскі клуб. Там якраз сыходзіла ў дэкрэт Вольга Садоўская, і я некалькі гадоў узначальвала мясцовы ДК, праводзіла мерапрыемствы, пісала сцэнарыі, вяла 12 самадзейных калектываў. Найбольш значны і вядомы – хор з медыцынскага персаналу бальніцы», – успамінае М. Шыркевіч.

Увогуле, як кажа хормайстар, ёй пашанцавала на педагогаў і калег, якія паўплывалі на яе стаўленне як прафесіянала. Добрым словам М. Шыркевіч успамінае сваіх настаўнікаў з каледжа, Валянціну Вашчанка, тагачаснага загадчыка аддзела культуры, Пятра Друся, кіраўніка Опсаўскага клуба, якога яна і цяпер лічыць аўтарытэтам і ідэйным натхняльнікам у прафесійнай сферы.

Арганізатарскія здольнасці Марына Шыркевіч праявіла адразу, як прыступіла да працы на Браслаўшчыне. У поўнай жа меры яны раскрыліся, калі ёй давялося з нуля ствараць песенны калектыў. У 1993 годзе перад маладой дзяўчынай была пастаўлена задача стварыць высокапрафесійны ансамбль, які мог бы годна прадстаўляць наш раён за яго межамі. Касцяк адразу ж склалі работнікі культуры – Ванда Сіротка, Ірына Каралькова, Ніна Суворава, Уладзімір Булаўка, Пётр Друсь, Раман Гембіцкі, Валянціна Кезік, Валянціна Кука, Вольга Садоўская, Пётр Кухаронак. Ля вытокаў таксама знаходзіліся Франц Кук’ян, Наталля Картэль, Уладзімір Сакалоўскі, Войцех Высоцкі, якіх памятаюць у калектыве і ганарацца, што тварылі гісторыю культуры разам. «Напачатку прыйшлі толькі супрацоўнікі Дома культуры, потым далучыліся работнікі з сельскіх, з музычных школ. З цягам часу састаў змяняецца, прыходзяць новыя людзі. Мне прыемна, што доўгі час у ансамблі Ірына Лінкевіч, Аляксандра Раманская, Леанід Лаўрыновіч, Валянціна Пінаева, Алена Шавец, Марына Карач і іншыя браслаўчане, улюбёныя ў музыку», – адзначае М. Шыркевіч.

Паступова ансамбль набіраў моц, вызначыўся з рэпертуарам. Прыступка за прыступкай – і ўжо праз 3 гады ён атрымаў ганаровае званне «народны». Гэта была значная падзея ў культурным жыцці Браслаўшчыны.

З таго часу «На панадворку» ўжо 25 гадоў нязменна пацвярджае сваё званне і бліскуча выступае на розных сцэнічных пляцоўках. Вось і сёлета, нягледзячы на пандэмію, калектыў даў каля 30 канцэртаў і паўдзельнічаў у 2 конкурсах: абласной харавой асамблеі падчас «Браслаўскіх зарніц», дзе стаў лаўрэатам 1 ступені, і рэспубліканскім фестывалі харавога мастацтва «Пеўчае поле» – там заняў 2 месца. І планаў яшчэ шмат.

Разам з тым М. Шыркевіч укладае свае творчыя здольнасці не толькі ў ансамбль «На панадворку». Яна працуе з калектывамі Браслаўгаза і РАУС. Іх вакальныя групы не раз ставіліся ўпрыгожваннем раённых мерапрыемстваў і таксама падабаюцца гледачам. Жанчына з’яўляецца і дырыжорам зводнага хору падчас «Браслаўскіх зарніц», рыхтуе свае сольныя нумары і выступае з імі падчас канцэртаў.

За сваю паспяховую дзейнасць М. Шыркевіч мае ўзнагароды рознага ўзроўню. Яе паважаюць калегі і любіць публіка. І гэта таксама адзін з паказчыкаў таго, што яна майстар сваёй справы. ■

Алена НАБЕЕВА