На суботніку расчышчалі месца пад новыя паліклініку і бальніцу. Пра што пісала «Браслаўская звязда» ў красавіку 1986-га

Общество
КРЫНІЦА АКТЫЎНАСЦІ – ВЫСОКАЯ СВЯДОМАСЦЬ

На павышэнне свядомасці, актыўнасці людзей накіроўваецца ідэалагічная работа ў калгасе імя Чарняхоўскага. У палітычным дакладзе XXVII з’езду КПСС падкрэслівалася, што адна з умоў паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця – чалавечы фактар. Таму ў гаспадарцы пастаўлена мэта ахапіць усімі формамі палітвучобы як мага больш насельніцтва калгаса. Акрамя існуючых гурткоў, школ палітычнай вучобы, эканамічнай адукацыі, створаны дадатковыя – па месцы жыхарства.

ВУЧНЁЎСКАЯ ВЫТВОРЧАЯ – ЗА РАБОТАЙ

Круглы год працуе вучнёўская вытворчая брыгада Ахрэмавецкай СШ. Зімой школьнікі вывучалі агратэхніку вырошчвання розных сельскагаспадарчых культур ды займаліся ў эканамічным гуртку. Была для іх арганізавана і заатэхнічная вучоба. У склад брыгады прыняты новыя члены, складзены і зацверджаны тэмы доследаў, практычных заданняў. Сёлета вучні абавязаліся вырасціць на 14 га для грамадскай жывёлы 700 тон буракоў, нарыхтаваць 80 т сена і 70 т зялёнай масы.

ПЕРШЫЯ ВЕСНАВЫЯ ГРЫБЫ

Вясна – спрыяльная пара росту страчкоў і смаржкоў. Часцей за ўсё гэтыя грыбы можна знайсці на ўзлесках і палянах. Каб атрымаць якасныя сушаныя страчкі і смаржкі, іх трэба правяліць пад павеццю, пасля дасушыць на сонцы. У печах гэтыя грыбы сушыць нельга, бо яны страчваюць сваю каштоўнасць. Нарыхтоўчыя, грыбаварныя пункты, магазіны спажывецкай кааперацыі раёна закупляюць у неабмежаванай колькасці страчкі стандартнай якасці – па 17 рублёў за кілаграм, з шэрым налётам – па 12 руб., смаржкі стандартныя – па 20 руб. за кг. Браслаўчане, актыўна збірайце грыбы!

ЗАМЕСТ РУХАВІКА – АБЯЦАННІ

Два месяцы прастойвае трактар МТЗ-82 у калгасе імя Фрунзе. Здалі рухавік у рамонт на абменны пункт райсельгастэхнікі, а замены не атрымалі. Тым часам настала гарачая пара палявых работ. У інтарэсах справы трэба забяспечыць работу кожнага агрэгата ў дзве змены. А тут трактар на прыколе! Ужо 20 дзён работнікі абменнага пункта ўсё абяцаюць даставіць рухавік у гаспадарку, між тым ён яшчэ «ў дарозе». Ці не на чарапахах вязуць?

УКЛАД БРАСЛАЎЧАН

Ударна папрацавалі ў дзень ленінскага камуністычнага суботніка работнікі Браслаўскага лясгаса: яны выпусцілі таварнай прадукцыі на 4 тысячы рублёў. У лясніцтвах нарыхтоўвалі бярозавы сок, драўніну, хваёвыя лапкі, праводзілі рубкі догляду. Вадзіцелі, якія перавозілі грузы, працавалі ў гэты дзень на сэканомленым гаручым. Рабочыя выпусцілі 3 тоны вітаміннай мукі, 13 кубаметраў піламатэрыялаў і інш. У фонд пяцігодкі пералічана 673 рублі.

КАЛІ АДКРЫЮЦЬ МАГАЗІН?

Гарадскі пасёлак Друя раскінуўся не на адзін кіламетр. А вось магазіны радком размясціліся ў цэнтры. Тое, што знаходзяцца побач прамысловы і гаспадарчы, не бяда: пакупкі ў іх робяцца не кожны дзень. Горш з харчовымі, бо, паколькі больш як месяц не працуе магазін непадалёку ад чыгуначнага вакзала, людзі вымушаны штодзень па некалькі кіламетраў хадзіць у цэнтр, каб набыць хлеб, цукар і інш. Калі ўжо праўленне спажыўтаварыства паклапоціцца пра пакупнікоў?

АД ЗАДУМ ДА ЗДЗЯЙСНЕННЯЎ

Калектыў дарожнікаў раёна перажывае нялёгкую пару станаўлення. Пераўтварэнне ДЭУ з участка ва ўпраўленне паставіла перад ім новыя, больш складаныя задачы. Калі раней на год участку на ўтрыманне дарог выдаткоўвалася 260 тысяч і на капітальны і сярэдні рамонт, асфальтавае пакрыццё – 370, то ўжо сёлета калектыву належыць асвоіць 1 мільён 364 тысячы рублёў. Таму на ўсіх сходах камуністы, рабочыя шукаюць рэзервы павышэння прадукцыйнасці працы. Галоўная стаўка – на свядомасць людзей, іх адказнасць і прафесійнае майстэрства.

ДАБРО І ПРАЦА ГІНУЦЬ ДАРЭМНА

Калгаснікі з гаспадаркі «Беларусь», прыйшоўшы раніцай на ферму, ледзь не плакалі. Каровы пацяліліся, ім толькі кармы давай – малако ракой пальецца. Бурт жа, што бераглі на вясну, дзікі за ноч так перарылі, быццам хто разбамбіў. Дарэчы, караняплодаў да гэтай зімы дзікі не чапалі, не было ў іх такой звычкі. А ў мінулым годзе, калі не ўрадзіла бульба, члены таварыства паляўнічых давалі ім на падкормку буракі – тым і прывучылі. Гэтым летам і на палях не будзе ратунку. ■

Жанна БЯЛЬКО