У Браславе адкрыліся два новыя магазіны

Деньги
Здаецца, зусім нядаўна ў кожным мікрараёне Браслава працавалі стацыянарныя магазіны і невялікія павільёнчыкі Белспажыўсаюза. Пасля закрыцця многіх гандлёвых аб’ектаў у выніку банкруцтва мясцовага райпа сітуацыя змянілася і жыхары з некаторых вуліц ужо не маглі набыць тавары і прадукты першай неабходнасці паблізу ад дома, што асабліва нязручна для пажылых людзей. Браслаўчане звярталіся за вырашэннем праблемы ў райвыканкам, і раённыя ўлады, зацікаўленыя ў захаванні сацыяльных стандартаў, шукалі магчымасць выправіць становішча.
Прадавец магазіна «Турыст» Рэгіна Каралевіч рада прапанаваць неабходныя тавары.

У выніку нядаўна ў горадзе адчынілі дзверы два новыя магазіны з таварамі паўсядзённага попыту. Адзін з іх – «Глыбоцкі Гасцінец» – размясціўся ў будынку аўтастанцыі. Тут прапаноўваюць пакупнікам прадукты – хлеб, малочныя і мясныя вырабы, бакалею, напіткі, многа прадукцыі глыбоцкіх вытворцаў. Ёсць і прамысловыя тавары, асартымент якіх паступова пашыраецца. За столікамі пасажыры могуць пасядзець з гарачай кавай ці чаем. Плануецца таксама продаж булачак і піц, ужо ўстаноўлена мікрахвалевая печ, каб іх разаграваць.

Па словах вядучага спецыяліста гандлёвага аддзела ГУП «Глыбоцкі колас» Алены Аваховіч, прадпрыемства не навічок у Браславе і ўжо мела тут два свае магазіны. У арганізацыі сур’ёзна аднесліся да прапановы райвыканкама наконт адкрыцця яшчэ адной, трэцяй гандлёвай кропкі ў будынку аўтастанцыі і станоўча вырашылі гэта пытанне. Новы магазін працуе зусім нядаўна, яшчэ не ўсе пра яго ведаюць, але колькасць пакупнікоў пакрыху расце – гэта пасажыры і мясцовыя жыхары. На прадпрыемстве спадзяюцца, што з узнаўленнем міжнародных маршрутаў з’явіцца больш наведвальнікаў, пакуль жа ідзе работа па вывучэнні попыту ды папаўненні асартыменту. Дарэчы, для гэтага прадаўцу можна пакідаць заяўкі на канкрэтныя тавары – іх будуць імкнуцца выканаць.

Другі магазін «прапісаўся» ў раёне турбазы, таму і называецца «Турыст». Яго гаспадар ІП Аляксандр Рубанік кажа:

– Безумоўна, магазін быў вельмі запатрабаваны, бо тут не засталося ніводнага гандлёвага аб’екта і мясцовым жыхарам даводзілася за любой драбязой ехаць у горад. Асабліва радуюцца адкрыццю пажылыя пакупнікі: ужо не раз чуў ад іх словы падзякі. Мы стараемся, каб у магазіне быў выбар – і хлеб свежы, і торцік смачны, і мяса кавалак. Ужо супрацоўнічаем з чатырма дзясяткамі пастаўшчыкоў, сярод якіх і мясцовыя вытворцы. Так, у нас прадаюцца мясныя вырабы «маякоўскага» каўбаснага цэха, браслаўскія сыры, кансервы, хлеб, кандытарскія вырабы. Ёсць на паліцах магазіна і прамысловыя тавары. Спадзяюся, што цяпер жыхарам зручна хадзіць за пакупкамі.

Святлана МАРОЗАВА, жыхарка агр. Ахрэмаўцы:

– Добра, што пры аўтастанцыі адкрыўся новы магазін, ды і размешчаны ён ўдала. Напрыклад, мне даводзіцца ездзіць на працу ў Браслаў, і калі вяртаюся дадому, то ўжо не трэба нікуды ісці, каб купіць той жа хлеб і малако: усё, што патрэбна гаспадыні, можна набыць у адным месцы. І выбар, дарэчы, тут неблагі. Сёння заўважыла, што нават грунт для пасадкі ёсць у продажы. Увогуле, для пасажыраў гэты магазін вельмі зручны.

Мікалай БУЯК, супрацоўнік будаўнічага трэста:

– Я ў Браславе ў камандзіроўцы, ужо некалькі тыдняў жыву ў раёне турбазы і па дарозе з работы абавязкова заходжу ў новы магазін. Асартымент тут нядрэнны, усе патрэбныя тавары ў наяўнасці, і выбраць ёсць з чаго. Вось толькі, як па мне, ёгуртаў малавата. Але бачна, што прадавец прыслухоўваецца да пажаданняў пакупнікоў, бо з кожным прывозам на паліцах з’яўляецца штосьці новае. Улічваючы, што гэта адзіны ў мікрараёне магазін, мясцовым жыхарам пашанцавала з яго адкрыццём. ■

Жанна БЯЛЬКО