У прафесію прыйшоў банальна, але стаў адным з лепшых

Люди
Так механізатара ААТ «Бярозавы край» Дзмітрыя Гадзевіча характарызуе кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. І на самай справе, дзе ні вазьмі, ён першы: тэхніку адрамантаваў, выехаў сеяць яравыя, з ПІМам за ім не ўгнацца, восенню за ўсе работы бярэцца, працуе да цямна.

Дзмітрыю трыццаць чатыры, ён, бадай, самы малады механізатар у гаспадарцы, але дзякуючы сваёй працаздольнасці, шпаркасці і акуратнасці заўсёды на добрым ліку ў кіраўніцтва. Паважаюць яго за гэтыя якасці і сталыя, вопытныя механізатары.

Прыйшоў у прафесію Д. Гадзевіч банальна, як і сотні іншых хлопцаў: закончыў школу, потым Відзаўскі каледж, адслужыў у войску і цяпер працуе ў роднай гаспадарцы побач з бацькам. Дарэчы, бацька для Дзмітрыя і настаўнік, і памочнік, і старэйшы сябар. Побач жывуць, побач і працуюць. Часта выпадае адну справу разам рабіць, напрыклад, калі старэйшы Гадзевіч летам касіў, то малодшы быў на адвозцы зялёнай масы. Дома таксама будуюць ды рамантуюць разам. Сам механізатар кажа, што, напэўна, ад бацькі і дасталася любоў да тэхнікі: той часта браў сына на працу. Асабліва падабалася хлопчыку ездзіць на камбайне. З малых гадоў і Дзіма круціў баранку, як толькі да педаляў стаў даставаць, прасіўся за руль. Сёння старэйшы сын Дзмітрыя Алег таксама не праміне моманту спытацца ў таты дазволу «паруліць». А той і не супраць, як не супраць і тады, калі Алег дапамагае па рамонце. Кажа, што мужчыне гэта абавязкова спатрэбіцца. Таму ў сваіх 11 гадоў хлопчык ужо добра кіруе тэхнікай, любіць яе. Магчыма, ён стане прадаўжальнікам дынастыі Гадзевічаў.

Дзмітрый у свае маладыя гады мае дом, сям’ю, трох дзетак, немалую гаспадарку і статус аднаго з лепшых работнікаў у сельгаспрадпрыемстве. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ