Гарадскія арганізаціі дапамагаюць Браслаўскім сельгаспрадпрыемствам, але не ўсе аднолькава

Деньги
Апошнім часам у сельгасарганізацыях раёна востра адчуваецца не толькі дэфіцыт грошай, а і недахоп матэрыяльна-тэхнічных сродкаў, людскіх рэсурсаў. Каб знайсці выйсце і хоць нечым ім дапамагчы, за кожнай гаспадаркай у раёне, акрамя «Маяка Браслаўскага», распараджэннем райвыканкама замацавана некалькі прадпрыемстваў. Яны па меры сваіх магчымасцей павінны прымаць удзел у жыццядзейнасці сваіх «падапечных». Але, як высветлілася, далёка не ўсім з шэфамі пашанцавала.

Напрыклад, дырэктар ААТ «Друйскі» Аляксандр Бялюн расказвае, што яго памочнікамі назначаны ПМК-42 і ПМС, але ці з-за нежадання, ці з-за сваёй беднасці нічым гаспадарцы не дапамагаюць. Падобная сітуацыя і ў некаторых іншых сельгаспрадпрыемствах.

«Бярозаваму краю» сёлета электрасеткі перадалі для аднаўлення канторы былую ў карыстанні мэблю, — гэта і была іх дапамога, расказаў дырэктар акцыянернага таварыства Леанід Брынкевіч.

У КУСП «Браслаўскі» шэфамі замацаваны хлебазавод і «Браслаўрыба». Яны крыху падтрымалі гаспадарку працоўнай сілай падчас падрыхтоўкі і рамонту ферм да зімова-стойлавага перыяду. Выдзялялі касца з трымерам для абкосу прыфермскай тэрыторыі, падзяліліся металічнымі бочкамі, што служаць цяпер кантэйнерамі для смецця.

Таксама пра дапамогу ад «Браслаўрыбы» пачула з вуснаў Уладзіслава Бэйнара, кіраўніка КУСП «Відзаўскі». Ён расказаў, што шэфская арганізацыя аддала электрычныя ліхтары, якімі поўнасцю абсталявалі памяшканне адной з ферм, камандзіравала электрагазазваршчыка ў сельгаспрадпрыемства для выканання некаторых работ, перадала запчастку да трактара і некаторыя іншыя рэчы.

«Слабодцы-агра» шэфскія арганізацыі — КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» і ДЭУ-34 — дапамаглі падчас жніва: выдзялялі тэхніку для адвозкі зерня і людзей, якія на ёй працавалі. Хоць і невялікая, але дапамога, якой так не хапае ў час жнівеньскага прыпару, як кажа дырэктар гаспадаркі Аляксандр Дзегцяроў.

А вось у адміністрацыі ААТ «Мяжаны» няма пытанняў у рабоце з шэфамі. Тут існуе поўнае ўзаемаразуменне паміж кіраўніцтвам сельгасарганізацыі і гарадскімі прадпрыемствамі «Браслаўгаз» і ДРБУ-142. Сёлета яны дапамаглі гаспадарцы пабудаваць дзве выгульныя пляцоўкі ля ферм, выдзялялі людзей, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы будынкаў да прыняцця жывёлы на зімоўку. А на старой ферме ва Усянах, якую плануецца ў хуткім часе ліквідаваць, работнікі «Браслаўгаза» зрэзалі ўвесь металічны профіль. Цяпер жа кіраўнікі абодвух прадпрыемстваў паабяцалі дапамагчы зрабіць з гэтага металу новую якасную агароджу для выгулу жывёлы ля яшчэ адной фермы. Адміністрацыя ААТ «Мяжаны» ў поўнай меры задаволена дапамогай сваіх шэфаў, бо ў любы дзень можа звярнуцца да іх з просьбай, і калі тыя маюць магчымасць, то неадкладна выконваюць яе.

Пасля такога аналізу прыходзіць у галаву радок з верша Францішка Багушэвіча «Бог не роўна дзеле». І сапраўды, адной гаспадарцы дасталіся шэфы, якім і самім бы не перашкодзіла, каб хтосьці дапамог, да іншых жа замацаваны такія, што і ў сябе няблага спраўляюцца, і слабых маюць магчымасць падтрымліваць. Між іншым ва ўсе часы быў і яшчэ адзін варыянт навядзення «мастоў» паміж шэфамі і іх падапечнымі — банальнае ўменне дагаворвацца. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ