Развівае вендынгавы бізнес. Браслаўчанін рызыкнуў адкрыць аўтамыйку самаабслугоўвання і не шкадуе

Люди
Калі ў 2014 годзе індывідуальны прадпрымальнік Васіль Ерамянок вырашыў пабудаваць у горадзе аўтамыйку, многія яго знаёмыя скептычна аднесліся да такой задумы: не верылі, што будзе запатрабавана. Праект аўтамыйкі самаабслугоўвання быў пілотным ва ўсёй Віцебскай вобласці (у лютым 2015 г. мыечны аўтамат запрацаваў у Оршы, а ў Браславе ён быў другім па ліку). З цягам жа часу ўсе недаверлівыя погляды развеяліся.
НОВЫ НАПРАМАК САМАРЭАЛІЗАЦЫІ

У прыватны бізнес браслаўчанін В. Ерамянок прыйшоў не адразу. Пасля школы ён атрымаў спецыяльнасць радыётэхніка ў політэхнічным тэхнікуме і пайшоў у армію. І так склалася ў жыцці, што ваенную форму змяніў на грамадзянскую вопратку аж праз 16 гадоў, бо пасля тэрміновай службы перайшоў на кантрактную. У Полацкім пагранічным атрадзе на сваёй малой радзіме большую частку службы па кантракце Васіль адказваў за матэрыяльнае і гаспадарча-бытавое забеспячэнне пагранічнікаў, клапаціўся, каб яны мелі не толькі неабходную зброю, але і былі пакормлены, абуты, адзеты і сагрэты.

Праўда, прыйшоў час, калі старшына пачаў усё часцей задумвацца пра іншы напрамак самарэалізацыі, тым больш што і канкрэтныя планы былі. Васіль звольніўся са службы, стаў на ўлік як беспрацоўны, затым падрыхтаваў бізнес-план, атрымаў праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне субсідыю на развіццё бізнесу, купіў інструменты і пачаў як індывідуальны прадпрымальнік аказваць паслугі ў галіне будаўніцтва. Гэтай справай займаецца ён і па сённяшні дзень, з той толькі розніцай, што з цягам часу спецыялізацыя звузілася да продажу, мантажу і абслугоўвання сантэхнічнага абсталявання.

Схільнасць да выканання будаўнічых работ не ўзнікла ў В. Ерамянка, як кажуць, на пустым месцы. Ён адзначае, што пераняў многія навыкі ад дзеда, прафесійнага будаўніка, набіваў руку падчас узвядзення ўласнага дома. Спатрэбіліся і веды, набытыя на службе, асабліва, калі будавалася кацельня на пагранзаставе ў Плюсах: на аб’екце павышанай небяспекі трэба было па службовых абавязках унікаць у многія сантэхнічныя тонкасці. Цяпер з дапамогай слесара В. Ерамянок аказвае сантэхнічныя паслугі арганізацыям, насельніцтву, і гэты занятак яму па душы.

ПІЛОТНЫ ПРАЕКТ АПРАЎДАЎ СЯБЕ

На ідэю будаўніцтва ў Браславе аўтамыйкі, дзе вадзіцелі самі, без дапамогі мыйшчыка, ачышчаюць ад пылу і бруду свае транспартныя сродкі, Васіля падштурхнуў выпадак. Неяк заўважыў мыечны аўтамат у Мінску. Заехаў, паспрабаваў — і спадабалася: хутка, нядорага і так, як самому хочацца.

— Памыць сваю машыну ў нашым горадзе ў зручны для цябе час было недзе, — кажа Васіль, — падумаў, што я не адзін такі. Так і зарадзілася думка пабудаваць для аўтаўладальнікаў кругласутачную аўтамыйку самаабслугоўвання. Вялікай складанасці адкрыць яе не было. Улада дала «дабро», а ўвесь працэс ад адводу зямельнага ўчастка, праектавання і самога будаўніцтва заняў каля года. Узводзіў, праўда, мыйку з мінімальным наборам функцый (проста вада, шампунь, актыўная пена і воск). Усё ж такі доля рызыкі існавала. Але праект апраўдаў сябе: мыечны аўтамат спадабаўся вадзіцелям, таму праз два гады замяніў яго абсталяванне на новае з пашыраным функцыяналам. Мыючыя саставы сталі рыхтавацца на змякчанай вадзе, каб актыўныя рэчывы дзейнічалі на паверхні аўтамабіляў больш эфектыўна.

У выніку ўласных назіранняў магу адзначыць, што аўтамыйкай карыстаюцца цяпер і тыя, хто не верыў у яе жыццядзейнасць у нашым водным краі. Да таго ж гаспадар устаноўкі не стаіць на месцы, пастаянна пашырае кола паслуг, якімі людзі карыстаюцца самастойна. Ёсць тут пыласос, і дываны, дарожкі можна памыць вельмі зручна. Летась В. Ерамянок абсталяваў таксама аўтамыйку аўтаматам па ачыстцы пітной вады. Па шматлікіх просьбах карыстальнікаў аўтамыечнага апарата паставіў тут яшчэ аўтамат для прыгатавання кавы. Па словах прадпрымальніка, ён і надалей разлічвае развіваць у Браславе вендынгавы бізнес — адносна маладую ў нашай краіне галіну, дзейнасць якой заснавана на атрыманні прыбытку з рознага роду апаратаў для продажу тавараў альбо аказання паслуг. ■

Казімір ПЯТУШКА