Сельгаспрадпрыемствы раёна распачалі восеньскія работы

Деньги
Год хутка гартае старонкі календара, і вось зноў на дварэ восень. У аграрыяў заканчваецца ўборка ўраджаю, але клопатаў не змяншаецца. Верасень, бадай, самы насычаны справамі месяц для сельгасработнікаў: камбайны дажынаюць апошнія гектары, працягваецца корманарыхтоўка, тым часам трактары аруць глебу, уносяцца гербіцыды ды пачынаецца сяўба азімых культур. Цяпер пра ўсё па парадку.

Па інфармацыі райсельгасхарча, на раніцу 31 жніўня ў раёне завяршылі ўборку збожжавых і зернебабовых культур тры гаспадаркі: «Маяк Браслаўскі», «Урбаны» і «Браслаўскі райаграсэрвіс». Усяго ад плана ўбрана 87,3 %. У раёне намалацілі больш за 27 тысяч тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 25 цэнтнераў з гектара. Для параўнання — у мінулым яна была 21,1 ц/га. Асабліва багаты ўраджай сабралі «маякоўцы»: у іх 32,3 ц/га. Пакуль толькі там пачалі малаціць азімы рапс.

Што датычыцца корманарыхтоўкі, то яе працэс не спыняўся. Паралельна з іншымі работамі механізатары касілі траву, сушылі сена, рыхтавалі сянаж, а некаторыя ўжо пачалі і закладку сіласу. Хоць працяглая засуха не давала як след травам набраць моцы, але ж не перашкодзіла аграрыям назапасіць кармоў для зімоўкі жывёлы. На раніцу панядзелка гаспадаркі раёна нарыхтавалі 7 331 тону (183 %) сена, 78 936 тон (96 %) сенажу. У сярэднім па раёне назапашана 17,93 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы (+4,2 да мінулагодняга паказчыка). Адзначу, што ўбіраць царыцу палёў — кукурузу — пакуль не пачыналі.

Восеньскія работы таксама ўжо актывізаваліся. Палеткі апрацоўваюць гліфасатутрымліваючымі гербіцыдамі, але не ўсе сельгаспрадпрыемствы паклапаціліся пра гэта. «Мяжаны», «Бярозавы край», «Друйскі» і «Браслаўскі» пакуль не прыняліся за такую немалаважную работу. Узарана глеба пад азімыя культуры на плошчы 3 620 га, або 22,8 %. Нарэшце прайшлі дажджы, што дало магчымасць хлебаробам сеяць азімыя. Крыжакветнымі культурамі на раніцу панядзелка засеялі 852 га, 460 з якіх — рапс. Не прыняліся за працу толькі ў «Мяжанах» і «Відзаўскім». Збожжавыя культуры пачалі сеяць у «Маяку» (31 га) і «Агравідзах» (30 га).

Адпачываць аграрыям раёна пакуль рана: ім трэба набрацца цярпення і восенню адсеяцца як мага лепш і хутчэй, пакуль дазваляе надвор’е. Бо шматгадовы вопыт даказвае, што лепшы ўраджай на нашых землях можна ўзяць менавіта з азімых культур. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ