Начальнік райсельгасхарча: сёлета Браслаўскі раён — у лідарах па корманарыхтоўцы сярод рэгіёнаў Віцебшчыны

Главное Деньги
Сёлета ў сельгаспрадпрыемствах раёна даволі ўдала праходзіць корманарыхтоўка. Хоць у параўнанні з большасцю раёнаў вобласці на Браслаўшчыне скошана менш планавых сенажацяў, але назапашана травяных кармоў у цэнтнерах кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы больш за сярэднеабласны паказчык. А па нарыхтоўцы сена наш раён увогуле перасягнуў 100-працэнтны рубеж планавага задання і па гэтым паказчыку займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці. Пра ход касьбы сакавітых траў «Браслаўская звязда» распытала начальніка райсельгасхарча Мікалая Бараноўскага.
— Мікалай Уладзіміравіч, масавая касавіца пачалася пазней, чым летась, аднак па стане на 15 ліпеня сена, сенажу і сіласу назапашана ў пераразліку на кармавыя адзінкі на 1 658 т больш, чым на тую ж мінулагоднюю дату. Якія фактары паўплывалі на прырост?

— Сёлета пачалі корманарыхтоўку сапраўды амаль на 2 тыдні пазней. Злакавыя культуры падаспелі практычна як звычайна, а вось развіццё бабовых зацягнулася з-за ападкаў. Але пазней вільгаць і цёплае надвор’е зрабілі сваю добрую справу: прадукцыйнасць і ўраджайнасць траў значна вышэйшыя, чым летась. На сённяшні дзень у параўнанні з мінулым годам мы плюсуем больш за 2 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы.

— Аграрыі раёна ўжо на 112 % выканалі планавыя лічбы па нарыхтоўцы сена. З рэгіёнаў Віцебскай вобласці толькі шаркаўчане перасягнулі 100 %.

— У пачатку касьбы траў яны знаходзяцца ў найбольш спрыяльнай фазе, каб прасаваць сена, якое больш спажыўнае, а з другога ўкосу яно, калі казаць проста, ужо салома. Таму стаўка найперш на гэты від травяных кармоў абсалютна правільная, тым больш што нябесная канцылярыя дазваляла рабіць гэта хутка. З-за нізкага тэхнічнага забеспячэння (ламаліся прэсы, граблі) нарыхтавалі сена менш, чым летась, толькі тры гаспадаркі: «Бярозавы край», «Браслаўскі» і «Відзаўскі». «Маяк Браслаўскі», «Слабодка-агра» і «Браслаўскі райаграсэрвіс» звезлі практычна ўсе сухія рулоны пад дах, што найбольш карысна як з пункта погляду іх кошту, так і спажыўнасці.

— А як арганізавана закладка сенажу і сіласу? Увогуле, Мікалай Уладзіміравіч, ці будзе дастаткова травяных кармоў грамадскай жывёле зімой?

— Якасць закладкі травяной масы лепшая, чым летась. Траншэі запаўняюцца ў асноўным згодна з рэгламентам, няма злосных парушэнняў. Праўда, міжраённая ветэрынарная служба выяўляла перавышэнні тэрмінаў закладкі ў «Відзаўскім» і «Бярозавым краі», перавышэнне тэмпературы трамбуемай масы ў «Мяжанах», «Бярозавым краі» і «Відзаўскім». Сілас пакуль закладваецца травяны, але ў нас яшчэ звыш 3,5 тысячы гектараў кукурузы. Яна нармальна развіваецца, завяршаецца яе падкормка. З-за адсутнасці тэхнічных магчымасцей па ўнясенні вадкіх угнаенняў не завяршылі яе толькі ў «Відзаўскім» і «Бярозавым краі», але час у іх яшчэ ёсць. А што тычыцца прагнозу на зімова-стойлавы перыяд, то ён больш спрыяльны ў параўнанні з мінулым годам і па вале, і па якасці. Сцвярджаць жа дакладна сёння яшчэ рана, бо ніхто не ведае, у якіх кліматычных умовах давядзецца рэзаць кукурузу.

— Набліжаецца і гарачая пара жніва. Якім прадбачыцца сёлетні ўраджай хлеба?

— Жніво, лічы, пачалося. Некаторыя гаспадаркі прыступілі да ўборкі свірэпіцы, рапсу, траў на семя. Думаю, да канца наступнага тыдня падыдзе пара ўрэзацца жняяркамі і ў збожжавыя палеткі. Разлічваем пры сярэдняй ураджайнасці па раёне 24 ц з гектара атрымаць 34 тыс. тон хлеба новага ўраджаю, што на 3 тыс. т больш, чым летась. У першых чыслах жніўня «Відзаўскі», «Браслаўскі» і «Агравідзы» павінны атрымаць у лізінг па новым камбайне. Абнаўленне камбайнавага парка, безумоўна, паспрыяе правесці ўборачную кампанію больш хутка і з меншымі стратамі.

— Дзякую за змястоўную размову. ■
Гутарыў Казімір ПЯТУШКА