Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў новы склад урада

Власть и общество Выборы-2020
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў новы склад урада. Прэм’ер-міністрам стаў Раман Галоўчанка, які да гэтага часу займаў пасаду старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Папярэдні склад Савета Міністраў пад кіраўніцтвам Сяргея Румаса прапрацаваў тры гады.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, новы прэм’ер мае вялікі вопыт работы на розных пасадах, у тым ліку на дыпламатычнай службе, ведае, як весці перагаворы, узначальваў ваенна-прамысловы комплекс.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Раман Галоўчанка на папярэдняй рабоце займаўся прамысловасцю на самым высокім тэхналагічным узроўні. «Я хачу ад яго атрымаць больш высокі тэхналагічны ўзровень у прамысловасці. Ва ўсіх сферах, дзе гэта магчыма. Ён нядрэнны арганізатар», — сказаў Прэзідэнт.

Першым віцэ-прэм’ерам назначаны Мікалай Снапкоў, а Аляксандр Субоцін зойме пасаду віцэ-прэм’ера. Старшынёй КДК назначаны Іван Церцель. Дзмітрый Крутой пераведзены на пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, а Валерый Бельскі назначаны памочнікам кіраўніка дзяржавы.

Перамены і ў міністэрскім корпусе. Новым міністрам архітэктуры і будаўніцтва стаў Руслан Пархамовіч, міністрам інфармацыі – Ігар Луцкі, прамысловасці — Пётр Пархомчык, фінансаў — Юрый Селіверстаў, ЖКГ — Андрэй Хмель.

Дзмітрый Матусевіч узначаліць Дзяржкамітэт па маёмасці, а Дзмітрый Пантус назначаны старшынёй Дзяржкамваенпрама.

Тым часам галоўная мэта сістэмы дзяржорганаў — забяспечыць устойлівы эканамічны рост, лічыць Прэзідэнт. «Неабходна знайсці формы і інструменты, якія прымусяць усю сістэму дзяржаўных органаў забяспечваць дасягненне ўстойлівага збалансаванага эканамічнага росту з тэмпамі, вышэйшымі за сярэднесусветныя. Іншага выйсця няма. Ніхто не павінен застацца ў баку ад гэтай работы, і кожны павінен дакладна разумець сваю ролю ў гэтым працэсе», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў Беларусі адкрытая эканоміка, аднак меры для абароны ўласнага рынку прымаць усё ж неабходна. «Наш унутраны рынак невялікі, але і аддаваць яго ні ў якім разе нікому нельга. Гэта тое пытанне, якое стаіць перад урадам, і той урад не вырашыў гэта пытанне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак эканамічны рост павінен быць не толькі за кошт унутранага рынку, але пераважна за кошт экспарту і знешняга попыту.

Кіраўнік дзяржавы таксама чакае ад новых кіраўнікоў вырашэння праблем у прамысловасці, сферы кіравання дзяржмаёмасцю.

У цэлым Прэзідэнт, назначаючы новы склад урада, арыентаваў яго на інтэнсіўную работу для пераадолення сучасных цяжкасцей і выклікаў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяпер мала не дапусціць спаду эканомікі і ўзроўню жыцця людзей. «Неабходна ўмець не толькі працаваць у складаных і непрадказальных умовах, але і бачыць шляхі развіцця там, дзе іх не бачаць іншыя. А калі стаіць пытанне нашай выжывальнасці, мы ўсе павінны зразумець і ўбачыць гэтыя шляхі, — адзначыў ён. — Выхопліваць і выкарыстоўваць кожны шанц, кожную магчымасць для руху.

Асаблівую ўвагу, паводле меркавання кіраўніка дзяржавы, новаму складу ўрада варта засяродзіць на вырашэнні задач, якія стаяць перад сферамі, найбольш блізкімі да людзей, — жыллёва-камунальная гаспадарка, будаўніцтва, аграрная галіна. ■