У чым галоўныя праблемы сельскай гаспадаркі Браслаўшчыны? Каментарый начальніка райсельгасхарча Мікалая Бараноўскага

Деньги
Спытай сёння механізатара, агранома, кіраўніка любой гаспадаркі раёна, у чым асноўная праблема сельскагаспадарчых арганізацый, і яны ў адзін голас адкажуць: у адсутнасці якаснай рабочай тэхнікі. З гэтага пачалася і наша размова з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарча Мікалаем Бараноўскім.

Сапраўды, гаспадаркі маюць абмежаваны набор тэхнікі, навясных і прычапных агрэгатаў. Усё гэта даўно выпрацавала свой рэсурс і, мякка кажучы, прыйшло ў заняпад. Ужо некалькі гадоў запар сельгаспрадпрыемствы раёна не могуць дазволіць сабе хоць збольшага абнавіць машынны парк. Сёлета таксама, акрамя «Маяка Браслаўскага», ніводнае прадпрыемства не набывала новую тэхніку. Таму да веснавых палявых работ прыступілі на чым было, што не патрабавала асаблівых затрат для рамонту. На ворыве, падрыхтоўцы глебы, сяўбе і іншых работах штодзень задзейнічалі да 120 адзінак тэхнікі, якая за светлавы дзень апрацоўвала 450 – 480 га.

Хоць трактары выйшлі на палеткі своечасова, але час ад часу станавіліся, патрабуючы рамонту. Гэта, па-першае, цягне за сабой вялікія выдаткі, а па-другое, замаруджвае час выканання работ і наслойвае іх адну на другую. А ў сельскай гаспадарцы, як і на любой вытворчасці, недапрацоўка на адным з этапаў цягне за сабой страты на іншых.

М. Бараноўскі падкрэслівае, што яшчэ адной вострай праблемай сельскай гаспадаркі раёна з’яўляюцца кадры. Недахоп спецыялістаў і работнікаў абсалютна на ўсіх відах работ негатыўна адбіваецца на вытворчасці. Толькі за мінулы год з сельгаспрадпрыемстваў раёна па розных прычынах звольніліся каля 180 чалавек, а ўлічваючы, што сёння ў сельскай гаспадарцы Браслаўшчыны задзейнічана 1 108 работнікаў, працэнт атрымліваецца вельмі вялікі. Кіраўнікі гаспадарак расказваюць, што цяпер выпадковых людзей у галіне не засталося, у асноўным гэта працаўнікі са стажам, якія любяць работу на зямлі і працуюць самааддана. Напэўна, таму, нягледзячы на ўсе складанасці, сельгаспрадпрыемствы раёна своечасова ўзяліся за работу і пачалі новы сезон не менш актыўна, чым папярэднія.

Веснавыя работы браслаўскія хлебаробы вядуць амаль бесперапынна, без выхадных і святочных дзён. Толькі чатыры дні майскіх дажджоў далі магчымасць абслужыць тэхніку і крыху ёй адпачыць, а таксама нарэшце насыцілі вільгаццю глебу.

Каб і сёлета атрымаць неблагі ўраджай, у раёне зроблена стаўка на найбольш рэнтабельную для нашага рэгіёна культуру — рапс. У гэтым годзе пасевы азімых і яравых склалі 5 000 га, што на 500 га больш, чым годам раней. Павялічана і плошча пад кукурузу: яе стане больш на 1 500 га. Царыца палёў — галоўная травяністая культура, якая з’яўляецца асновай для сіласу. Таксама частку зямель засяваюць кукурузай з разлікам убраць яе з магчымым выкарыстаннем на зерне. Па словах Мікалая Бараноўскага, дзякуючы правільна арганізаванай і зладжанай рабоце хлебаробаў на ўсіх узроўнях і этапах веснавыя палявыя работы ідуць прыкладна тым жа тэмпам, як і летась.

Па аператыўнай інфармацыі райсельгасхарча, на ўчарашні дзень ў раёне яравымі культурамі было засеяна 12 885 гектараў глебы, што складае 64,7 % ад плана. Тэрміны веснавой сяўбы тым часам заканчваюцца 20 мая. Пакуль што поўнасцю закрыў план па яравой сяўбе толькі «Маяк Браслаўскі» У хуткім часе пасяўную кампанію закончыць і КУСП «Браслаўскі». Астатнія гаспадаркі выканаць план не змогуць, большасць з іх пераадолеюць толькі планку прыкладна ў 60 – 70 %. У аўтсайдарах застанецца ААТ «Мяжаны», якое некалькі гадоў таму назад узяло пад сваю апеку стратную гаспадарку«Альшанка» і сёння мае вялікія плошчы зямлі, а значыць, і вялікі план па яе апрацоўцы, ды не мае рэсурсаў для яго выканання. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ