Браслаўчане ў ліку лепшых жывёлаводаў вобласці

Люди
Цырымонія ўшанавання лепшых жывёлаводаў вобласці адбылася ў Віцебску. Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі прафесіі з усіх раёнаў Прыдзвінскага краю.

Свае віншаванні са сцэны канцэртнай залы «Віцебск» ім адрасавалі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі Мінсельгасхарча Наталля Соніч, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.

Па словах Мікалая Шарснёва, рэгіёнам узяты курс на будаўніцтва жывёлагадоўчых аб’ектаў, стварэнне патрэбных умоў для захоўвання кармоў, а таксама падрыхтоўку і заахвочванне маладых спецыялістаў.

Кіраўнік вобласці выказаў жывёлаводам словы падзякі за працу. «Вашы дасягненні падымаюць аўтарытэт аграрнай галіны. І гэта кажа пра тое, што ў нашых людзей ёсць рэзервы, каб упэўнена рухацца наперад, вырашаць амбіцыёзныя і смелыя задачы», — падкрэсліў М. Шарснёў.

Пасля ўрачыстай часткі для працаўнікоў сяла быў арганізаваны святочны канцэрт.

У склад дэлегацыі нашага раёна ўвайшлі 15 жывёлаводаў з розных сельгаспрадпрыемстваў. На сцэну за ўзнагародамі падняліся дзве браслаўчанкі. Аператар машыннага даення СВК «Маяк Браслаўскі» Ірэна Мацеша за значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў атрымала Ганаровую грамату Віцебскага аблвыканкама з рук яго старшыні. Галіна Рудак з ААТ «Агравідзы» за шматгадовую добрасумленную працу ўзнагароджана каштоўным падарункам. Таксама Віцебскі абласны Савет аграпрамысловага саюза адзначыў у гэты дзень Святлану Баярун, начальніка комплекса ААТ «Агравідзы» .

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.