830 тон адходаў для перапрацоўкі сабралі ў мінулым годзе браслаўчане

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
За мінулы год браслаўчане сабралі 420 т паперы і кардону, 54 т палімерных адходаў і 187 т шкла, 169 т адходаў электрычнага і электроннага абсталявання. Хоць у агульнай масе да выканання задання і недацягнулі, але гэта больш, чым у папярэднім годзе.

Аператарам па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў у нашым раёне з’яўляецца КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік». Для гэтага на прадпрыемстве дзейнічаюць тры прыёмныя нарыхтоўчыя пункты збору другасных рэсурсаў — у Браславе, Відзах і Ахрэмаўцах. У апошнім населеным пункце знаходзіцца і станцыя сарціроўкі. Шкло, пластык і паперу пункты збору прымаюць ад насельніцтва і арганізацый. Праўда, калі аб’ём даволі вялікі, то начальнік участкаў добраўпарадкавання і па абыходжанні з цвёрдымі бытавымі адходамі Іван Бязуглаў просіць кіраўніцтва арганізацый пастаўляць другасныя рэсурсы непасрэдна на станцыю сарціроўкі.

Каб людзі не выкідвалі цвёрдыя бытавыя адходы ў адно вядро, а сартавалі іх, на 27 пляцоўках у райцэнтры ўстаноўлены 81 еўракантэйнер для паасобнага збору ЦБА і 39 штук у трох населеных пунктах Ахрэмавецкага сельсавета. Нядаўна закуплены яшчэ 22 такія кантэйнеры і для Відзаў.

Па меры напаўнення металічных ёмістасцей пляцоўкі аб’язджае спецыяльны смеццявоз, набыты, як і кантэйнеры, за кошт дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». Машына па чарзе забірае і вязе на станцыю сарціроўкі шкло, макулатуру, палімеры.

Па словах Івана Бязуглава, запаўненне металічных ёмістасцей не вельмі высокае. Нам яшчэ рана казаць пра высокую культуру ў справе паасобнага збору бытавых адходаў, бо ў кантэйнеры для смецця ўсё роўна трапляе шмат другаснай сыравіны. А ў еўракантэйнеры, нягледзячы на асобныя адтуліны ў накрыўках для шкла, пластыку і макулатуры, некаторыя людзі ўмудраюцца выкідваць і пакеты з кухоннымі адходамі. Ломяць і самі накрыўкі, адкручваюць і крадуць калёсы…

Арганізуе ўчастак па абыходжанні з цвёрдымі бытавымі адходамі таксама і выязны збор другасных матэрыяльных рэсурсаў па горадзе і сельскіх населеных пунктах, калі на пэўным маршруце накопліваюцца ад насельніцтва заяўкі, якія паступаюць на тэлефонныя нумары 62-2-71 ці 60-4-28.

На станцыі сарціроўкі сыравіну разбіраюць па розных відах, адходы паперы і палімераў прасуюць у цюкі на двух прэсах, адзін з якіх, дарэчы, набыты за кошт здачы цвёрдых бытавых адходаў, складзіруюць, а потым накіроўваюць спецыялізаваным прадпрыемствам. Пасля перапрацоўкі на заводах і фабрыках другасная сыравіна набывае новае жыццё ў якасці патрэбных людзям відаў прадукцыі і вырабаў. Напрыклад, на папяровай фабрыцы «Чырвоная зорка» ў Чашніках з макулатуры робяць папяровыя мяшкі, скрынкі з гафрыраванага кардону, запаўняльнік сотавы. А ў Наваполацку на біямехзаводзе бытавых другасных рэсурсаў выпускаюць з палімерных адходаў тратуарную плітку і бардзюры. Дарэчы, і ў Браславе па вул. Булойчыка з пліткі «Стары горад» гэтага завода пракладзены тратуар. Магчыма, ёсць у ёй і частка таго пластыку, што сабралі і накіравалі на перапрацоўку жыхары нашага раёна.

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.