Браслаўская тэхналогія спіральнага пляцення прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю

Главное Отдых

На фота: Саламяныя рэчы з фондаў Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў.

Статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі атрымала традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў і г. Віцебска.

Спіральнае пляценне ўласціва амаль усім земляробчым народам Еўропы. Мела яно распаўсюджанне і на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, на Віцебшчыне ў пачатку ХХ стагоддзя пляценне было распаўсюджана ў многіх вёсках, дзе майстры выраблялі прадметы хатняга ўжытку: ёмістасці для захоўвання прадуктаў харчавання і адзення, мэблю, вуллі, абутак, палавікі, заслоны на вокны. Аднак у «жывым» выглядзе захавалася яно толькі ў некаторых. У тым ліку на Браслаўшчыне.

— Верагодна, гэта тэхніка была вядома і першым жыхарам браслаўскіх зямель, якія з’явіліся тут каля 5 тыс. гадоў таму назад (стаянка Дубкі). Сярод прылад сустракаюцца касцяныя праколкі і качадыкі, якія маглі выкарыстоўвацца для пляцення ў спіральнай тэхніцы, — расказала загадчык музея традыцыйнай культуры і даследчыца тэхналогій пляцення на Браслаўшчыне Элеанора Зінкевіч, якая таксама валодае гэтым рамяством. — Рэплікі знаходак мы выкарыстоўваем у музеі падчас заняткаў па вывучэнні тэхналогіі спіральнага пляцення. Увогуле ж зробленыя з саломы ёмістасці для захоўвання зерня, мукі, гародніны былі зручнымі ў выкарыстанні. Сама тэхніка вельмі простая, таму не выклікае здзіўлення, што яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя ў браслаўскіх вёсках людзі з задавальненнем плялі і выкарыстоўвалі корабы, севалкі, гарнцы для сваіх патрэб. Хуткае развіццё гаспадаркі пасля Другой сусветнай вайны і рост гарадской вытворчасці выклікалі паступовае знікненне з хатняга ўжытку плеценых саламяных рэчаў.

Аднаўленнем спіральнага пляцення работнікі музея традыцыйнай культуры пачалі займацца ў 2000 годзе. Да гэтага часу была сабрана багатая калекцыя саламяных вырабаў. Акрамя таго, апыталі мясцовых жыхароў: яны расказвалі, якім чынам выкарыстоўвалі ў гаспадарцы тую ці іншую рэч, а таксама выраблялі яе. Напрыклад, Галіна Шастакевіч з вёскі Азяраўцы ўспамінала, як яе бацька займаўся пляценнем доўгімі зімовымі вечарамі. Сыравінай для пляцення служыла жытняя і пшанічная салома, якая нарыхтоўвалася ў пачатку лета. Для аплятання жгутоў бралася льняная нітка, кара лазы або ліпы, корань сасны, шчапаная лаза, а каб ёмістасці менш грызлі мышы, у іх дабаўляліся сцяблы пустазелля пад народнай назвай «мяліса», паху якога баяцца грызуны. Для падтрымання аднолькавай таўшчыні саламянага жгута выкарыстоўвалася трубачка з моцнай сыравіны, а для сшывання ніткамі — іголка-шаршатка з загнутым і сплюшчаным вастрыём. Яе рабілі з авечай косткі.

Цяпер тэхналогіяй спіральнага пляцення на Браслаўшчыне валодаюць усяго некалькі майстроў. Сярод іх Элеанора Зінкевіч, якая вучыць усіх жадаючых, а таксама стварыла калекцыю рэплік этнаграфічных артэфактаў з музейных фондаў, Зоя Кальцова — яе вырабы ўражваюць велічынёй памераў і правільнасцю форм, Вера Шыкалава выкарыстоўвае для працы салому розных адценняў і пластычнасці, асвойвае тэхніку і Мікалай Дзянісаў. А вырабы Пятра Карэніка і Міхаіла Чэркаса са Слабодкі з’яўляюцца нават экспанатамі музея. Словам, дзякуючы цікавасці да народнай культуры, працавітасці і руплівасці музейных супрацоўнікаў і браслаўскіх творцаў забытая тэхніка жыве і перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.